Читать «Узмах крыла» онлайн - страница 13

Генадзь Бураўкін

* * * Каб было усё гучней і ўрачысцей, Не тлуміся, рабі ўсё прасцей: Пляц расквець, ды трыбуну начысці, Ды пакліч ганаровых гасцей. I пасля малаці сябе ў грудзі, Не зважай, што ўсе ціхенька спяць, Распінайся, як добра ў нас будзе I праз год, і праз тры, і праз пяць. Можа, дурань які і паверыць. Толькі ты не хвалюйся дарма, Бо не прыйдзе ніхто, каб праверыць, З таго раю, якога няма. 1979 * * * Яны здзяцінелі даўно. Нібыта немаўляты тыя, То круцяць пра сябе кіно, То дзеляць Зоркі Залатыя. I паміж іх — Славуты самы, Наш новаспечаны айцец Махае ўзбуджана брывамі I ўсё не можа узляцець. 1981 * * * Сучасны свет бязлітасна старэе: Хто з барадою, Хто без барады — Дзяды ў Кітаі, I дзяды ў Карэі, I ў нас, куды ні кінешся, Дзяды. Мітынгаваць усё яшчэ ахвочыя, Хоць падпірае дыхаўку трыбух. Абвіслі шчокі. I патухлі вочы. Але нястомна рвуцца да трыбун. Бяссільнай зграяй збіліся з дарогі. Рыпяць, як перасмяглыя драчы. Памочнікі перастаўляюць ногі I замяняюць сківіцы ўрачы. Запоўнены трызненнямі і тлумам, Свет з імі занудзіўся і азяб... Калі ўжо аб жыцці не могуць думаць, Пра смерць сваю падумалі хаця б. Але няма для іх жыцця і смерці. Іх сцяў адзін — Уладу страціць — Жах. Трасуць галовамі — I цэлы свет трасецца I ўжо не хоча старасць паважаць. 1982