Читать «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу» онлайн - страница 8

Сяргей Кавалёў

Адсутнасць спецыяльнай зацікаўленасці і грунтоўных даследаванняў польскіх літаратуразнаўцаў тлумачыцца, на нашую думку, дзвюма прычынамі. Па-першае, сціпла адораныя талентам польскамоўныя паэты Беларусі траплялі ў цень сваіх знакамітых сучаснікаў, класікаў польскай літаратуры эпохі Адраджэння: М. Рэя і Я. Каханоўскага. Па-другое, творчасць А. Рымшы, Г. Пельгрымоўскага, Я. Казаковіча, Я. Пратасовіча не цалкам змяшчалася ў межах польскай літаратуры, для разумення і адэкватнай ацэнкі іхняе спадчыны важна было ўлічваць беларуска-літоўскі культурны кантэкст.

Даследуючы польскамоўную паэзію Беларусі эпохі Рэнесансу, нельга абмінуць увагай дзве важныя працы польскіх вучоных, што “ўбіраюць” у сябе нашую тэму, перасякаюцца з ёй: “Okolicznościowa poezja polityczna w Polsce” (Варшава, 1963 – 1980. Кн. 1 – 6) Ю. Новак-Длужэўскага і “Muza domowa. Okolicznościowa poezja rodzinna czasów renesansu i baroku” (Вроцлаў, 1991) Л. Слянковай.

Першая з іх з’яўляецца фундаментальным шасцітомным даследаваннем польскай палітычнай паэзіі ад часоў Сярэднявечча да панавання Яна Сабескага. Аўтара цікавілі паэтычныя творы, што ўзніклі як водгукі на канкрэтныя палітычныя падзеі альбо адлюстравалі важныя грамадска-палітычныя працэсы, таму ён разглядае самыя розныя віды паэзіі: героіка-эпічную, сатырычную, фунеральную; аналізуе дзесяткі і сотні тэкстаў, у тым ліку: верш А. Валяна “Да Палякаў і да Літвы”, ананімную паэму “Пратэй, або Пярэварацень”, паэмы “Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла” А. Рымшы і “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка” С. Лаўрэнція. Паставіўшы перад сабой складаную задачу – праз аналіз паэтычных тэкстаў рэканструяваць палітычнае жыццё краіны – Ю. Новак-Длужэўскі ў ацэнцы твораў зыходзіў тым не менш з эстэтычных крытэрыяў, што дазволіла яму даволі аб’ектыўна адзначаць як мастацкія вартасці, так і недахопы гэтых твораў. Ён першы звярнуў увагу на літаратурную прыроду “Ляманту няшчаснага Рыгора Осціка” і даў высокую ацэнку паэмы С. Лаўрэнція на падставе знаёмства з артыкулам А. Краўсхара, дзе цытаваліся ўсяго 34 радкі твора і збольшага пераказваўся сюжэт (Kraushar 1891: 387 - 395). Разглядаючы польскамоўную паэму А. Рымшы разам з лацінамоўнымі паэмамі Ф. Градоўскага і Я. Радвана, вучоны слушна адзначыў мясцовы ліцвінскі патрыятызм аўтараў і тыпалагічнае падабенства твораў.

Л. Слянкова сваю манаграфію прысвяціла вельмі папулярнай у XVI – XVII стст., але недаацэненай сучаснымі даследчыкамі паэзіі сямейных урачыстасцяў: вершам, напісаным з нагоды нараджэння, шлюбу альбо смерці чалавека. Да гэтага спецыфічнага віду паэзіі адносіцца значная частка сабраных намі польскамоўных твораў эпохі Рэнесансу, некаторыя з іх польская даследчыца называе, але толькі паэме С. Кулакоўскага “Катамерынон Слуцкага княства...” (1593) і зборнічку В. Скараўца “Віншаванне з нагоды нараджэння Ераніма Радзівіла” (Вільня, 1598) прысвячае некалькі абзацаў. Значэнне кнігі Л. Слянковай заключаецца, аднак, не ў багацці сабранага матэрыяла і не ў яго арыгінальнай інтэрпрэтацыі, а ў агульнай сістэматызацыі гэтага матэрыялу, у самім вызначэнні тэмы даследавання. Раней творы сямейнай акалічнасцёвай паэзіі (“акалічнасцёвая” – узнікшая з нейкай канкрэтнай нагоды) агулам залічваліся да панегірычнага жанру, у выніку страчваліся яе сувязі з рытуалам, гублялася адчуванне своеасаблівага хараства твораў.