Читать «Паміж зоркай і свечкай» онлайн - страница 8

Генадзь Бураўкін

Паўдзённы прыпар Ад лясной паляны недалёкай Хваляю густою Зноў і зноў Прыплывае з ліпеньскаю спёкай Водар медуніц і палыноў. Каля сцежкі чмель азваўся сіпла, Ледзь сябе ад кветкі адарваў. Конікаў навокал як насыпана, Аж звініць-варушыцца трава. Стома закалыхвае імгненна, Расцякаецца ва ўсе бакі Цёплым духам маладога сена, Лёгкім свежым ветрам ад ракі... * * * Даруй мне, Бог, Мае грахі, Што я нажыў на свеце: Быў часта да цябе глухі, Не ўсіх сяброў прывеціў. Зайздросны быў. I злосны быў. Не дапамог суседу. I чашу хмельную любіў I шумную бяседу. Ды ў рот начальству не глядзеў, Не пеў чужыя модлы. I ні ў каханні, Ні ў бядзе Не быў ніколі подлы. Не абяцаў, Як пустабрэх, Завесці ў рай прыгожы... За гэта Хоць адзін мой грэх Ты мне скасуй, Мой Божа. Баравічок У лесе пахне едлаўцовым дымам. Гарэзліва патрэсквае касцёр... Стаіўся пад асінамі рудымі Баравічок, Што хоча збегчы ў бор. Ён цёплы мох У сне салодкім бачыць, Да верасовай выспачкі прынік І чуе, Як непадалёк грыбачыць Вясёлы і няўдачлівы грыбнік. I ён такі ж — Пужліва адзінокі. Здаецца, Сам бы выдраў карані I выбег на прыглушаныя крокі: Я тут! Вазьмі мяне, Не абміні!.. * * *

Васілю Зуёнку

Па даху грукне яблык уначы, Падкрэсліць цішу і спакой вясковы. I ты між небам і зямлёй — Нічыі, Як іншапланецянін выпадковы. Табе пашанцавала неўпрыкмет Забрацца ў пуню на сухое сена, З падстрэшша зорку кінуць у сусвет I засмяяцца, I заснуць імгненна. I абдымаць туманам сенажаць, I ветрам пралятаць па-над палямі, I ў неба рукі лёгкія ўзнімаць, I чуць зямлю жывую пад нагамі. I забывацца, Хто ты ёсць і дзе, I несці ў сэрцы ўздым і азарэнне ... Пакуль зялёны яблык не ўпадзе I вернецца зямное прыцягненне. * * * Збор дадому нядоўгі. Справы пільныя — ўбок I раскручвай дарогі- Каляровы клубок. Прывязу я дахаты, Да бацькоўскай страхі Не цяжкія дукаты, А цяжкія грахі. . Галаву маю східяць Без густога віна Слёзы шчасця сухія I сляпая віна. I найбольшым багаццем (Лепш не знойдзеш нідзе) — Быць у матчынай хаце, Паміж родных людзей. * * * У запыленым тубыллі, Дзе сляпні і камары, Нешта вы мяне забылі, Закадычныя сябры. I не клічаце ў застоллі Ці ў лясныя буданы, I паўпуда нашай солі Даядаеце адны. Ну ды я і сам прыеду У зялёным цягніку. Прывязу здалёк суседу Дарагога каньяку. Вас усіх збяру да кучы, Засядзімся да расы, Самагонкаю пякучай Падагрэем галасы. Я дарую ўсім няўвагу I знявагу праглыну. У старэнькую біклагу Капну кроплю палыну, Каб у далечы заморскай Мне напомніў пра выток Нашай роднай, нашай горкай Светлай памяці глыток... * * * Вы мяне не клічце, не завіце У заакіянскі край прыгожы. Я не буду, як былінны віцязь, Доўга разважаць на раздарожжы. У мяне даўно адна дарога Вызначана памяццю бяссоннай — Да кутка азёрнага, ляснога, Дзе мае зялёныя Расоны. Так ужо мне вызначана лёсам, Так мне на зямлі наканавана, Што не трэба казачных дзівосаў, Цёплага, чужога акіяна. Я прыду ссівелым і стамлёным Да маёй любімай Беларусі, Паздароўкаюся з кожным клёнам, З кожнаю бярозкай абдымуся. * * * Не сціскай маё сэрца скрухаю, Мітуслівы, куслівы дзень... Дай я неба начное паслухаю, Дзе смуга, Як кругі па вадзе. Можа, Там мая ўтома згубіцца, Лёгка скоціцца з хворай душы I раскоціцца ўсцяж па бубачцы, I растане ў біблейскай цішы. Там чужыя слязінкі бліскаюць, Непрытомна зрываюцца ўніз... Для мяне яны сталі блізкімі, Зразумелымі да драбніц... У душы маёй разняволенай Нараджаецца мудры спакой... I маёю зоркай пасолена Чаша вечнай юдолі людской. * * * На дрогкіх выбоінах Шляху зямнога Згубілася многа, Забылася многа. Ды помню: На печы У вечар зімовы Матуля шаптала Чароўныя словы. Я помню ўсё добра, Я помню ўсё цвёрда: "Кацілася торба З высокага горба..." I помніцца, Мроіцца, Чуецца мне Прытомлены шэпт: "Ішоў Бай па сцяне..." Няма на зямлі ўжо Ні хаты, Ні печы. Унук У мяне на каленях Ляпеча. Яму я шапчу Таямніча і горда: "Кацілася торба З высокага горба..." I разам з наследнікам Верыцца мне, Што Бай барадаты Ідзе па сцяне. * * * Прагульваецца ў небе летні гром, Пабурквае ляніва і пагрозна. I рэдкі дождж з высокіх боскіх стром Няспешна кроплі сыпле на бярозы. Ён шчодра ласку ўсю сваю раздаў: Павесялелі мальвы каля хаты, I цягнуць дзюбкі жоўтыя з гнязда Няўцямныя малыя птушаняты. З лістоў сцякае ўніз ліпучы пыл, У прахалодзе мыецца бяроста... Усё так светла, Хораша I проста — Гарачы дзень I чысты дождж сляпы.