Читать «Паміж зоркай і свечкай» онлайн - страница 7

Генадзь Бураўкін

* * *

Віктару Казько

Калі я разгадаў свой лёс, Усім астаткам сіл Я ўзняў далоні да нябёс I знаку папрасіў. Сабраўся ў мёртвай цішыні У доўгі шлях адзін. I з паднябеснай вышыні Мне Бог сказаў: "Ідзі!" Мне секла ногі асака I джгала крапіва, I я шукаў хоць раўчука. А Бог казаў: "Трывай!" Калі ж я ў прыдарожны пыл Упаў зусім без сіл I лоб разбіў аб камяні, Бог мовіў: "Адпачні". А як я ўзняўся — I ў вачах Памроіўся Сезам, Я запытаў, хто знойдзе шлях, Бог адказаў: "Ты сам". Вясковая ідылія Квецень асыпала вішня на росны гарод. Певень заспаны ўзляцеў на паркан зухавата. I над калодзежам рыпнуў стары калаўрот... Гэта няспешна ступіла на вуліцу свята. Зводдаль глядзяць вераб'і на памыты парог. Ластаўка хоча бліжэй да акна прымасціцца. Дыхае ў печы салодкі пшанічны пірог. Пахнуць аерам пад ходнікам чыстым масніцы. Дрэмлецца мірна на лаўцы рудому катку. З-пад рушнікоў абразы узіраюцца строга. Хата падмецена. Венік прыткнуўся ў кутку. Цёпла і ўтульна, Нібыта за пазухай Бога. * * *

Рыгору Барадуліну

Споведнаю пеністаю чашай Вёсны нас з табой не абняслі. Пройдзем мы не раз яшчэ па нашай Полацкай рамонкавай зямлі. Скоціцца з ушацкага пагорка Ранішняя зорка не адна. Голасам кулініным — "Рыгорка!" Клікне прыдарожная сасна. Змыем заклапочанасць цяжкую Халадком крынічнае вады. I зязюля шчодра накукуе Нам з табою многія гады... Лёс яшчэ ў наш дом зямны, часовы Не паклаў апошняга вянца. I ў сцяжынкі нашай верасовай Не відно пакуль яшчэ канца...