Читать «Паміж зоркай і свечкай» онлайн - страница 10

Генадзь Бураўкін

Слімак (іранічная ідылія) Ля гарода Ляжыць калода. На калодзе сядзіць слімак. Для гарода I для народа Ён не робіць шкоды ніяк. Сонны трошкі, Ён грэе рожкі. Не збіраецца саслізгнуць. Богам створан — Ніякі воран Не павінен яго крануць. А вакол — Цішыня і згода, Як суладдзя нябесны знак. Ля гарода Ляжыць калода. На калодзе сядзіць слімак... * * * Бывае, Ледзь не плачу ад тугі я, Ад жалю, Што ў грудзях маіх пячэ... Ці проста ўзрост, Ці, можа, настальгія Па тым, Што не забылася яшчэ? I хочацца мінулыя гады Вярнуць, Зрабіць усё, што не збылося, I пасяліць зноў залатую восень У гольія зімовыя сады. I хочацца напіцца яшчэ раз Вясны Па-маладому ненасытна I беражна, Як праз густое сіта, Душой прасеяць Памяці запас... Так хочацца, Пакуль яшчэ жыву, Не думаць пра апошняе расстанне, Каб не туга, А ціхае літанне Туманіла сівую галаву... * * * Песні адны мы спявалі калісьці, Чулі адзін аднаго ў шматгалоссі. Толькі аднойчы шляхі разышліся, З чарак сяброўскіх віно разлілося. Нас развялі і пасады і звады, Новыя песні і новая доля. Можа, мы гэтаму сёння не рады, Ды ўжо не вернеш былога застолля. Пэўна, мы лаўраў і воплескаў варты — Хай за спіною павага буркоча. А не чутны болей смелыя жарты I не гараць апантанасцю вочы. Можа, мы сыдземся зноў, як калісьці, На пагулянцы ці на юбілеі, Песні прыпомнім I рукі паціснем. Толькі разбітыя чаркі не склеім... * * * Як пакліча ўсявышні У сваю благадаць, Я не буду залішне На зямлі назаляць. У святую дарогу, Дзе і мытні нямаш, Мне не трэба падоўгу Пакаваць свой багаж. У прыпар ці ў завею, На ляту, на бягу Даспяваць не паспею, Дакрычаць не змагу. Да свайго каравана, Што п'е з Леты ваду, Адплыву нечакана, Неўпрыкмет адыду... Асенняе Чаго душа мая шчыміць, Не ведаю: Ці ад таго, Што нецікава жыць, Ці ад таго, Што неба сёння бледнае I ліст апошні за акном дрыжыць. А, можа, ад таго, Што шмат растрачана I быльнягом счарнелым зарасло, Што з памяці сплывае ўсмешка матчына I жураўля спазнелага крыло. Забылася, схавалася пад верасам Сцяжынка ля бацькоўскага двара. I многія сябры мае не вернуцца З дарогі той, Куды і мне пара. Не грэе сонца. Горбяцца за крушнямі Замшэлыя, цяжкія валуны. Буслы зляцелі з балацін асушаных I ўжо назад не прыляцяць яны. На хмаркі Промні выцвілымі пасмамі Кладуцца, Каб сплываць за далягляд. I толькі пазняцвет Вачамі яснымі Глядзіць, Як і паўсотні год назад ...