Читать «Паміж зоркай і свечкай» онлайн - страница 13

Генадзь Бураўкін

ДУША БАЛІЦЬ...

* * * Не за сябе душа мая баліць, Бо я пражыў на гэтым свеце трохі I мне не страшна за сабой паліць Падгнілыя масты маёй эпохі. Няхай гараць у праведным агні I атухаюць у кастрах гарачых Няўдачамі закрэсленыя дні I тоненькія свечкі сноў юначых. Не ўсё мы так зрабілі, Як маглі. Ішлі, Кульгаючы на кожным кроку. Але і нашых думак вугалі Здалёк свяціліся ў халодным змроку. Наш родны край для нас не быў чужым. Сваё мы адпакутвалі — I баста! А дзеці? Ну няўжо на плечы ім Абрынем мы дзяржаўнае нядбальства? Няўжо прапусцім і ў наступны век З чужацкай незруйнованай засады I цемрашальства ашалелы здзек, I чорную атруту подлай здрады? Сярод глухіх асушаных імшар Ці знойдзе ўнук таварыша і брата?.. Таму вось і баліць мая душа I на дзяцей гляджу я вінавата. Шасцідзесятнікі Што ад нас застанецца — Ці песня, Ці хата, Ці дрэва, Ці зямля, Што навекі Ва ўсіх нас адна? Хто рукой нам махне — Папялушка Або каралева? Хто ўсіх нас адпяе — Завіруха, Залева, Вайна? Мы, здаецца, Ніколі Ні бацькам, ні сабе Не хлусілі. Як умелі, Рабілі. Жылі, Як маглі. Надаралася, Плакалі моўчкі ў бяссіллі. Зубы сцяўшы, Паўзлі Па крывёй набрынялай зямлі. Так, Не ўсё мы паспелі, Не ўсё завяршылі. Не збудзілі ад сну Наш знямелы, збалелы народ. Прайдзісветы Залезлі на нашы вышыні, Ілгуны-недавучкі Нам заціснулі рот. Перад небам і вечнасцю Мы вінаваты. Ды пры нас I без нас I цяпер, I пасля Застануцца жывымі Песні, Дрэвы I хаты, Нашы дзеці і ўнукі, Наша маці-зямля... Значыць, мы на зямлі Недарэмна жылі... * * * Нехта — з пекла, А нехта — з раю Голас мне сябры падаюць. Вельмі рана сябры паміраюць. А вось ворагі Доўга жывуць, Абмінаюць судовую лаву I шалеюць ад п'яных піроў, I крадуць Пасмяротную славу У маіх нешчаслівых сяброў. Смерць і праўда — Бяздушна-сляпая, Калі ўсіх іх раўняе ў цане. А сяброў маіх так не хапае I зямлі беларускай, I мне. Я крыві не хачу, Вы паверце, I граху не вазьму на душу. Не прашу я для ворагаў смерці — Для сяброў даўгалецця прашу. * * * Чорнай навалаю коціцца зверху Гвалт небывалы, Раз'ятраны вэрхал. У кіраўнічых суровых прамовах Бэсціцца зноў беларуская мова: Быццам бы наскія словы не здатны Выказаць талент і розум выдатны. Новай уладзе не пашанцавала — Хоць да спадобы ёй бульба і сала, I самазвалы, I фермы, I нівы, Непераборлівы люд наш цярплівы, Бор карабельны I мёд верасовы, — Косткаю ў горле — Народная мова. Колькі цкавалі яе і глумілі, А не складае падбітае крылле, А ўсё' жыве і ніяк не канае — Песня азёрная, Казка лясная. Перажыла наша родная мова I Бенкендорфа, і Мураўёва, Панскія здзекі, Чэкісцкія чысткі, Рогат імперскі, Вырак фашысцкі... Тых, Што з трасянкаю ў галаве, Перажыве!.. * * * Ах, як хочацца весялосці! Ах, як хочацца дабрыні! А жыццё' дабаўляе злосці, Колькі ты яе ні кляні. Ты шукаеш адданасць і радасць, Да расчыненых вокнаў бяжыш, А адтуль лезуць зайздрасць і здрада, Як з балота вясною вужы. Калі ў бойцы і спрэчцы суровай Давяраюць пятлі і нажу, Я ўжо верыць баюся на слова I на дзверы са страхам гляджу. Могуць лёгка ў мяне за спіною I мяне прадаць за пятак... Значыць, нешта не тое са мною, Нешта ў свеце нашым не так... * * * Верыць лестачкам хітрым І подлай хлусні, I дурному нязбытнаму цуду, Хоць вяроўку на шыі маёй захлісні, Не магу, Не хачу I не буду. Мірна слухаць абвалы напышлівых слоў І старога тупога прыблуду, Хоць абвешай мяне серабром медалёў, Не магу, Не хачу I не буду. Прызнаваць верхавенства чыноўнай гайні I цану палітычнага хлуду, Хоць на плошчы галоўнай мяне разапні, Не магу, Не хачу I не буду. А служыць занядбанай сваёй старане I цярпліваму роднаму люду, Хоць яны і не ўепомняць пасля пра мяпе, Як змагу, I хачу я I буду. * * * Гісторыя, Разумніца сівая, Сваім дыханнем чыстым На ляту Ад ісціны Рашуча адсявае Бяздарную, базарную лухту. Яе шырокай нівы не заселе Ні хітрасць, Ні прыгожая мана. Спакойнаю рукою Пустазелле Бязлітасна выполвае яна. Не ўзяць яе ні ласкай, ні аблогай, Хоць пагражай, Прасі Ці скавычы. Ад будучага дня I ад былога Адна яна захоўвае ключы. Ніякаю абгорткай адмысловай Не ўсунеш ёй траянскія дары. За ўсе вякі, За ўсе перабудовы Яшчэ ніхто яе не абдурыў. Не набівайся ж да яе ў сваяцтва, Не дуй старанна ў гулкую дуду, А ўсю сваю завершаную працу Аддай яе сумленнаму суду... * * * Тэхнічнага прагрэсу дзеці, Ці вінаваты ў чым яны, Што раз'язджаюцца па свеце Твае, Мой родны край, Сыны? Заве духоўная патрэба, У працы хочуць бачыць толк Ці проста мець кавалак хлеба І дэмакратыі глыток? Цяжкой пакутай адлучэння Перапаўняюць цягнікі Твае сыны па нараджэнні, Чужых краін працаўнікі. Дзяцінства Казкай незабытай Ім сніцца будзе за мяжой Каля чужога дабрабыту, Ля светлай радасці чужой. Ці ўдасца ім З нявестай гладкай Прайсці бязбедна па жыцці I да заморскага парадку Душой самотнай прырасці? Ці вечна З думаю аб хлебе На лёс свой скардзіцца ў журбе?.. ... А каб вярнуліся, Дык лепей Было б для іх I для цябе.