Читать «Чытаю тайнапіс вачэй» онлайн - страница 7

Генадзь Бураўкін

* * * Ты пазваніла мне з дзяцінства, Далёкага, Амаль забытага,— I сэрца мне ўспамінам сціснула, I сэрца спуджана забілася. Няужо былое зноў вяртаецца Няўжо навекі не памерлі I клятвы даўнія, I тайны, I вернасць даўняя, I вера?.. ..У сэрцы I ў мембране выстылай Твой смех, Як майскія грымоты... Ты пазваніла мне з дзяцінства, Далёкага I незваротнага. * * * Зайздрошчу шчасцю юных закаханых, Што так баяцца дотыку рукі,— I ад яго грудзей Адмежаваны Яе грудзей тугія астраўкі. Зайздрошчу іх святому аняменню, Калі без слоў усё адчуць лягчэй, I смешнаму, дзіцячаму няўменню Хаваць пачуцці ад чужых вачэй. Зайздрошчу іх наіўнаму спалоху, Яшчэ незразумеламу агню, Калі ўвесь свет змяняецца патроху I дорыць азарэнне ўпершыню I паміж кожным позіркам і словам, Ужо зусім бяссільная, Звініць Напятая, Як песня жаўрукова, Збліжэння недазволенага ніць... СУСЕДКА Калі раніцай вёдрамі ляскала I да рэчкі спяшала босая,— Я цябе цалаваў краскамі, Я цябе цалаваў росамі. Калі ў поўдзень ішла палеткамі, Маладога спакою поўная,— Я цябе цалаваў кветкамі, Я цябе цалаваў промнямі. Калі ўвечар да весніц выйшла I стаяла пад вішнямі колкімі,— Я цябе цалаваў цішаю, Я цябе цалаваў зоркамі. Што, як ноччу ў акно пагрукаю, Недасяжная і спакусная?.. Я цябе цалаваў думкамі, А хачу цалаваць вуснамі. * * * Сотні раздарожжаў паміж намі, Прывакзальны тлум I шум травы. Ды ўсё роўна над тваімі снамі Я стаю — Нядрэмны вартавы. Месяцаву срэбраную сцежку У руцэ трымаю, як прашчу. Нават прынца казачнага ўсмешку Да твайго акна не падпушчу. А калі світанне Ценем белым Ляжа на прыціхлую ваду, У разлуцы доўгай асмялелы, Да цябе нясмела падыду. Прыўзніму ўспамінаў грэшных дымку, Дзе схаваў я ад чужых людзей Сонейка заспанае — Радзімку — У лагчынцы белай між грудзей. ЦІХІ ВЕРШ Ціхая засень старэнькай альтанкі. Ціхае шчасце — Шэпат каханкі. Ціхія гукі. Цёплыя рукі. Лісця чаромхі вячэрняя словедзь. Вусны дыханне спалохана ловяць. Сіняя ціша Зоркі калыша. Крылаў птушыных апошнія ўзмахі. Святло патушылі шэрыя гмахі. Чуеш, Як б'ецца Сэрца ля сэрца?.. * * * Над лясамі самоты Да цябе нацянькі Паняслі самалёты Мае аганькі. Над зямлёю бяссоннай На нябачным крыле Колер шчасця — Чырвоны — Паплыў у імгле. Над спакоем загонаў, Над журбою людзей Засвяціўся Зялёны — Весні колер надзей. І з завоблачнай стыні Апаў на лугі Крыкам кнігаўкі Сіні — Ціхі колер тугі...