Читать «Чытаю тайнапіс вачэй» онлайн - страница 9

Генадзь Бураўкін

НАПАМІН ХАЛАСЦЯКУ Так спрадвеку павялося, Што знайсці мы ўсе павінны Свайго шчасця, свайго лёсу, Свайго сэрца палавіну. I пакуль ты адзінокі Пасярод жыццёвай прозы,— Ты як быццам аднабокі, Несалідны, несур'ёзны. Хоць дасведчаны і знаны I жывеш на ўзроўні века, Ты ўсё роўна без каханай — Палавіна чалавека. Як людзей ні судзіш строга, Ды без жончынага вока Ты яшчэ сябе самога Разумееш неглыбока. Так што вер наіўным вершам I навек адно запомні: Толькі любую сустрэўшы, Станеш ты нарэшце поўны. Ды глядзі (I так бывае), Каб цябе не падлавіла Дарагая, дзелавая, Ды чужая палавіна. * * * Бег да цябе праз буран і імжу. Поўз да цябе з летуценнем і скрухай Болей маўчаць не магу. Я скажу. Ты мяне ўважліва толькі паслухай. Вуснамі смелыя словы ляплю, Цяжка і горача іх выдыхаю: Чуеш, каханая? — Верна люблю. Чуеш, любімая? — Шчыра кахаю. Можаш пасля адмахнуцца — «Бывай!» Можаш пасля адвярнуцца сурова. Толькі даслухай, Не перабівай. Як мне баліць маё кожнае слова! Вуснамі смяглыя вусны лаўлю I перад вечнаю тайнай сціхаю... Чуеш, каханая,— Верна люблю. Чуеш, любімая,— Шчыра кахаю... * * * Каля бярозак беланогіх Рабіны стройныя стаяць. I стала торнаю дарогай Сцяжынка вузкая мая. I нашы клёны разрасліся, I хуткаплынныя гады Пазамялі апалым лісцем Мае хлапечыя сляды. За сіняватаю імжою Ля нашай згубленай вярсты Каханне новае, чужое Збірае жоўтыя лісты. А нам з табой упарта сніцца Сцяжынка вузкая мая, Бярозак юных завушніцы, Рабін зялёная сям'я. * * * Паваражы, Паваражы На далані задубленай. Што наварожыш, Не кажы — Я сам усё задумаю. Паваражы, Паваражы На вуснах нецалованых. Вузлом на памяць завяжы Сцяжынку вечаровую. Паваражы, Паваражы На чубе ускудлачаным I на плячо мне палажы Сваю руку гарачую. Не захінайся, Не бяжы, Спыніся каля ганачка. Паваражы, Паваражы, Бялявая цыганачка!.. * * * Любая, Ты засланіла свет Шэры, Аднастайны I будзённы — Электрычак цесныя вагоны, Мокрыя, цяжкія парасоны, Душны непрыбраны кабінет, Гуд аўтамабіляў манатонны Быццам бы расталі неўпрыкмет. Любая, Ты расчыніла свет, Рознакаляровы I ўрачысты — Звонка дождж раздорвае маністы, Сінява застыла ў шыбах чыстых, Ловіць жвавых «зайчыкаў» паркет, Электрычка кліча галасіста На лясны прастор — За ёю ўслед. Свет запаланілі перамены. Матылёк успыхнуў на акне... Гэта ты Прыветна і праменна Раніцой зірнула на мяне. * * * Навек з табою нас жыццё звяло. I мы ніколі між сабой не дзелім Усё, што маем,— I дабро, I зло, I цень трывогі, I святло надзеі. Што нам дзяліць найлепшае з дзівос, Якое нават смерць забраць не ў стане? — Зямное непаўторнае каханне Адно на двух нам даў шчаслівы лёс. Як раніцу з берасцяной трубы, Яго мы п'ём — I ўсё нам мала, мала. Нам ні дзяльбы, Ні здрады, Ні кляцьбы Яшчэ зязюля не накукавала. I сняцца нам Палянкі дзён сваіх Адным неадцвітаючым надзелам. I мы нічога на дваіх не дзелім. Мы ўсё заўсёды Множым на дваіх. * * * Хто мудрэйшы быў — Адам ці Ева,— Мы не будзем усчыняць садом. Дзякуй ім, Што адшукалі дрэва З грэшным і спакуслівым пладом. Што спалох пераступілі смела, Нецярпліва згледзелі ў галлі I сарвалі Яблык недаспелы, Надкусілі, Нам перадалі. Пэўна, Мудра ўсё зрабілі продкі, Калі столькі часу ўсім наўздзіў Яблык той, I горкі, I салодкі, Нам яшчэ аскомы не набіў... * * * Жанчын прыгожых трэба берагчы Ад пошласці, Каварства I знявагі, I ад мяшчанскай зайздрасці і звягі, I ад залішняй ветласці і ўвагі, I ад рукі нахабнай на плячы. Яны прыйшлі на грэшную зямлю, Як сны і летуценні залатыя, Жаданыя I трошачкі святыя, Нязнанага суладдзя панятыя,— Святлом напоўніць вечнае "люблю". Не дайце іх зняславіць і запляміць, Не рвіцеся ўчыняць над імі суд. Хай горда па зямлі яны нясуць Вясны юначай радасную памяць, Зачаравання невыказны цуд... * * * Непрыгожых жанчын не бывае. Паглядзі — Вунь насустрач ідзе Асляпляльная, Баявая, Як маланка, Як выклік нудзе. Ці плячом павядзе, Ці брывамі — Абрываецца Сэрца на міг, Як світальнай расой аблівае, Ад халоднай зямлі адрывае І ўзнімае да зор агнявых. Непрыгожых жанчын не бывае. Паглядзі — Вунь насустрач ідзе Сарамяжліва- Снегавая, Як лілея на ціхай вадзеі Вочы ўзніме — I сінь палявая Павявае Лагодай такой, Што глухая трывога сплывае, I пяшчота душу спавівае, I прыходзіць Шчаслівы спакой. На жніве, Ля ракі, У трамваі — Паглядзі — Прыгажунь не злічыць. То — нібы сон-трава баравая, То – як зорка Венера ўначы... Непрыгожых жанчын не бывае. Проста шмат невідушчых мужчын. * * * Назіраю ўпотай За табой, За табой. Суцішаю работай I сум свой, I боль. Сню і думаю ўпарта Пра цябе, Пра цябе. Як нядрэмная варта, Мая мара жыве. Да бяссоннай пакуты Табою, Табой Я пакорна прыкуты Надзеяй слабой. О, не рві мае путы! Я сцярплю гэты боль..