Читать «Чытаю тайнапіс вачэй» онлайн - страница 8

Генадзь Бураўкін

* * * Схаваўся месячык за дрэвы. Міргаюць зоркі-спарышы. Тваё акно салодка дрэмле У цёплай жнівеньскай цішы. Я сон твой палахлівы чую, Да раніцы паберагу Тваю даверлівасць начную, Тваю няясную тугу. Не пабягу, Як неба грымне, За лесам рэха крактане I грукнуць срэбраныя грыўні Па незачыненым акне, Як ломкае святло маланкі На момант Выхапіць з начы Твае закрытыя фіранкі, Каля паркана касачы. Я сцерагчы ўсё роўна буду Цябе, Шчаслівую ад сну, Сябе, Цыбатага няўклюду, I нашу першую вясну... * * * Сон мой сіні, Салодкі верад — У зацішку палян лясных Зацвітае бахматы верас Над цяжкімі слядамі ласіх. Зацвітае. I зноўку верыш: Пад шырокімі лапамі хвой Сцеражэ крэпканогую неруш Баравік запаветны твой. I бяжыць верасовай сцяжынкай, Топча хмельны асенні мёд Тая, Лёгкая, як сняжынка, Незабыўная, Як крыгаход. ... Безнадзейнай, наіўнай верай На далёкай юначай вярсце, Сіні верас, бахматы верас I сягоння яшчэ цвіце... * * * Плыве ў тумане вечар разамлелы. I ў духаце чаромхавых завей Шчыруе Асмялелы, Ахмялелы, Бяссонны, Утрапёны Салавей. Сок, Сок, Сок Цёк, Цёк, Цёк - Цур-р-р, Цур-р-р, Цур-р-р. Ці-мох, Ці-мох Піў, Пі-іў, Піў. У цяньку-у, У цяньку-у-у Аўдоц-цю, Аўдоц-цю Цмок, Цмок, Цмок I ўцёк. Маленькі птах уздрыгвае ад ветру, Падскоквае, Нібыта на агні. На цэлы свет вясковыя сакрэты Апавяшчае ў гулкай цішыні. I покуль ён У гордай адзіноце Раскідвае сярэбраны гарох, Заснуць не можа сумная Аўдоцця I курыць аж да раніцы Цімох. * * * Не баюся, што нехта табе аб каханні далдоніў, Не баюся, што нехта табе пра нявернасць плявузгнуў, Не баюся, што нехта да ног тваіх скарб валачэ, — Твае плечы чакаюць маіх нецярплівых далоняў, Твае вусны чакаюць маіх перасмяглых вуснаў, Твае вочы чакаюць маіх пацямнелых вачэй. Напляваць на чужыя залёты і клятвы! Напляваць на чужую ману і пагрозу! Напляваць на чужыя спакусы і грошы! Хто там глупства, Што ты мне — не пара, Чаўпе?.. Я з табою, як вольная птушка, крылаты, захмялелы ад шчасця, ад шчасця цвярозы. Я з табою багаты, разумны, харошы... Дык няўжо ты дазволіш , Каб стаў я нічым Без цябе?.. * * * Чуеш, Наплывае цёплы гром? Бачыш, Зацвітае навальніца? Не спяшайся ў свой зацішны дом Ад сухога ветру зачыніцца. Пачакай у садзе. Не бяжы. Хай знікае той, Хто трэці лішні. Не бяда, Што летнія дажджы Чохнуць з дрэў, Як срэбраныя вішні. Прытаіся на грудзях маіх. I пад лопат вымытага лісця Неба Не зямлю, А нас дваіх Зыркаю маланкай перахрысціць. * * * Я не думаў пра вершы Толькі што ты паробіш з душой, Калі ў ёй, Як вясновыя кветкі, Прабіліся вершы? I я з цэлым бярэмам Да цябе Без дазволу Прыйшоў, Свае тайны, I страхі, I надзеі ўсе Словам даверыўшы. Я паклаў іх табе на калені — Бяры, Рассыпай, Варушы I раскладвай — Адчай і прызнанні, Папрокі і лёсткі. А захочаш — На кожным Задумліва паваражы, Перабраўшы радкі, Як вясёлых рамонкаў пялёсткі. Я аддаў іх табе, Самай гордай 3 сучасных багінь. Ты скажы — І яшчэ Прынясу я ахвотна. Можаш іх раздарыць. Ды адзін Літасціва Пакінь — Той, Што, як васілёк, Непрыкметны, Блакітна-самотны... * * * Бязглуздая спрэчка. Паспешлівы поціск рукі. Глухое маўчанне. Падкрэслены холад расстання. І крокі заціхлі. I выплыў туман з-за ракі. I сэрца балела ў адчаі Ажно да світання... А ты хіба спала спакойна? — Прызнайся сама. I сэрца табе не кальнула Туга шкадавання? Калі не кальнула, Дык, можа, яго і няма, Маленькага сэрца, Якое баліць ад кахання?..