Читать «Пяты этап» онлайн - страница 6

Сяргей Пясецкі

Я адказаў, што гэта вельмі сумна, што лепш самому чытаць і забаўляцца, чым забаўляць кагосьці іншых. Наогул, — працягваў я думку, — гэта нецікава, бо тое, што адбылося, я ведаю дасканала.

— Добра — адказаў, — але мусіш пагадзіцца, што любіш апавядаць пра свае прыгоды. Найчасцей апавядаеш з запалам, і нават з захапленнем!

— Гэта нешта іншае! — адказаў я. — Тут не трэба думаць, як распавядаць. Валі з душы і канец!

Прыблізна гэтак адказаў яму. Забыўся пра іншыя, лепшыя і больш істотныя аргументы. Наогул я не ўмею спрачацца. Мушу заўсёды абдумаць тэму. Найлепшыя думкі, ёмкія і трапныя, прыходзяць мне ў галаву заўсёды пасля, калі троху зжывуся з тэмай дыскусіі.

Надышоў час, і я разлучыўся з маім сябрам, а потым даведаўся пра ягоную трагічную смерць у Саветах. Часта прыгадваў нашы размовы. Тады і ўзнікла жаданне пісаць дзённік. Можа, таму, што не стала гэткага выдатнага, як ён, сябра, суразмоўцы, не было з кім шчыра пагаварыць... Не раз назіраў, як малыя дзяўчынкі гуляюць у лялькі. Лялька ў маленькай смаркачкі абуджае большы давер, чым матуля, і яна распавядае ёй такія таямніцы, якія ніколі не расказала б бацькам. Можа, дзённік гэты заменіць мне сябра, можа, будзе для мяне «лялькай», якой можна ва ўсім даверыцца.

Дзённік я вяду ад жніўня 1921 года, або ад пачатку перыяду, які ў развагах пра сваё мінулае акрэсліваю як «пяты этап» майго жыцця. Пачынаючы з таго дня, гэта значыць — сённяшняй ночы, якую лічу канцом чацвёртага этапу і пачаткам пятага. Маю на гэта вельмі важкія падставы, якія цяпер выкладу, але перад тым невялічкае, надзвычай неабходнае адхіленне. Дадам яшчэ, што ўспаміны з папярэдніх перыядаў напішу, калі буду весці больш размераны, спакойны лад жыцця.

Некалькі гадоў таму быў я ў кіно, на шпіёнскім фільме, звычайным, але з ліха закручаным сюжэтам. Вайсковай выведцы адной еўрапейскай дзяржавы належала здабыць сакрэтныя дакументы іншай дзяржавы. З гэтай мэтай у тую краіну камандзіравалі здольнага выведніка. Пачалося змаганне выведніка і ягоных калег з агентамі контрвыведкі. Героі фільма перажывалі незвычайныя прыгоды на зямлі, у паветры, на вадзе і нават пад вадой. Каб пераадолець найскладаныя перашкоды, былі ўжыты ўсе дасягненні сучаснай тэхнікі. На экране, як у калейдаскопе, мільгалі цудоўныя краявіды еўрапейскіх і іншых, экзатычных краін. Падзеі адбываліся аж у некалькіх частках свету. Палацы, вілы, раскошныя гатэлі, кабарэ, балі, дыпламатычныя прыёмы... Неверагодныя раскоша і камфорт паўставалі перад вачамі гледачоў, і на тым фоне адбывалася займальнае, складанае супрацьстаянне геройскіх мужчын-выведнікаў з удзелам фантастычных прыгажуняў. Найбольшае ўражанне зрабілі на мяне каркаломныя пагоні на матацыклах, маторных лодках, аўтамабілях і караблях.

Я заўсёды жыва цікавіўся фільмамі і авантурнымі раманамі, пераважна шпіёнскімі. Імпанавала мне напружанае жыццё агентаў, іх спрыт, хітрасць, энергічнасць і адвага. Часта ўяўляў сябе самога на месцы некаторых герояў фільма або рамана з жыцця шпіёнаў. Уступіць у ваенную выведку, каб знайсці прымяненне для сваіх сіл, адшукаць выйсце для сваёй энергіі, хоць нейкага асэнсаванага прымянення для свайго тэмпераменту, я не спрабаваў, бо лічыў гэта немагчымым. Меркаваў, што шпіёнамі могуць быць людзі з амаль звышнатуральнымі здольнасцямі, усебакова падрыхтаваныя і навучаныя. Лічыў, што гэтыя людзі павінны канчаць адмысловыя школы, трапіць у якія старонняму чалавеку цяжка ці проста немагчыма.