Читать «Пяты этап» онлайн - страница 78

Сяргей Пясецкі

Гэнік, не круціся на крэсле!

Гэнік, не брыкай нагамі!

Гэнік, не бяры ў рот нажа!

І ўвесь час: Гэнік, Гэнік і Гэнік!

Захацелася ўразіць тую ўзорную сям’ю. Паказаць ім, як насамрэч выгля­дае благое выхаванне, у параўнанні з якім выхаванне Гэніка падалося б узор­ным, а сам Гэнік — увасабленнем анёла.

Тут заўважу, што калісьці ў гэтым рэстаране я ўжо нарабіў вэрхалу і быў тут добра вядомым, таму з-за буфета на мяне неспакойна пазіралі спалоханыя людзі, як бы прадчуваючы блізкую бучу.

Я паклікаў афіцыянта і сказаў:

— Пойдзем на кухню!

Адвёў мяне туды. На кухні я ўбачыў вялікі мясны нож. Узяў яго і вярнуўся ў залу. Погляды ўсіх прысутных скіраваліся на мяне. Афіцыянт і гаспадар рэстарана неспакойна круціліся паблізу.

— Шаноўны пане! Паночку ласкавы!

— Што пан хоча? У чым справа?...

Я пачаў на стале секчы катлету. Натуральна, талерка пырснула на кавалкі, абрус і столік я парэзаў.

— Катлета занадта цвёрдая! — сказаў я гаспадару рэстарана.

— Зараз будзе іншая.

— Я хачу гэтую!.. Я таксама зацяты!

На маё патрабаванне афіцыянт прынёс запаленую свечку, і я дасмажыў над ёй, на відэльцу, кавалкі свіной адбіўной, а потым са смакам яе з’еў, запіваючы гарэлкай.

Госці, што сядзелі за вялікім сталом, похапкам паглыталі сваё і выкаціліся з залы. Ужо ані разу не пачулася: «Гэнік!»

Я чытаў дзесьці, што нічога дарэшты не знікае! Нічога! Усё мае пэўныя прычыны і выклікае пэўныя наступствы. Нішто не прамінае бясследна!..

Трэба над тым паразважаць. У гэтым рэальнасць жыцця, явы. Але я не застануся ў дурнях, не паддамся на танны жарт. Гэтак мне падумалася пасля той рэстараннай гісторыі. Якія ж будуць яе наступствы і вынікі?

Учора Янка пазнаёміў мяне з нейкай тэлефаністкай. Пульхненькай, свежанькай і ружовенькай, як свежая булачка. Прасіла мяне аднесці ліст да маці ў Менску. Не хацеў нават, але яна пачала гэтак лісліва зазіраць мне ў вочы і зрабіла такі сумны тварык, што не мог адмовіць. Сказаў:

— Добра, хай пані падрыхтуе ліст.

— Калі ласка, ужо гатовы! — выняла аркуш з рыдыкюля.

Гэта вельмі непрыемна мяне ўразіла. Выходзіць, нагэтулькі была ўпэўненая, што не здолею адмовіць... Жанчыны часта злоўжываюць сваёй «слабасцю», а з нас такім чынам робяць дурняў. Закрану тут адну праблему, над якой шмат разважаў. Вось мужчыны, напрыклад. Немец не любіць француза, паляка, пагарджае расейцам, варожа ставіцца да англічаніна, італьянца і гэтак далей. У той жа час той самы немчуровец да францужанкі, полькі, рускай, англічанкі, італьянкі заўжды ставіцца ветліва і прыязна, а тэмпература той прыязнасці і ветлівасці залежыць ад ступені прыгажосці той асобы «горшай» нацыянальнасці. Мы настолькі нявольнікі сваіх інстынктаў, што не ўмеем нават быць справядлівымі ў адносінах да людзей. Калі мае развагі непамылковыя, тады ўся міжнародная палітыка і шавінізм любога колеру з’яўляюцца спаборніцтвам самцоў, над якім пануюць жанчыны... Жанчыны са сваёй трыбуны, са сваіх п’едэсталаў выбіраюць самцоў-рыцараў, не зважаючы на нацыянальнасць, расу і веравызнанне... Як у жывёл...