Читать «Пяты этап» онлайн - страница 77

Сяргей Пясецкі

Андзя ўстала:

— Тады навошта пан прыйшоў да нас?.. Самотны? У нас пану будзе лягчэй... — Зачырванелася і змоўкла.

— Хадзем разам, Раманку! — сказаў Палкоўнік.

— Не, я не хачу... Я адзін... Заставайцеся...

Калі развітаўся з імі і выходзіў, пачуў з вітальні, як Палкоўнік казаў:

— Сёння ён не ў духу. Зрэшты, вы ведаеце: такая праца!

На вуліцы было шмат мінакоў. Калі я ішоў задуменны, заўважыў перад сабою п’янага ўзводнага, які крок у крок ступаў за нейкім цывільным і час ад часу пляваў яму ззаду на паліто. Чорнае паліто было ўсё спярэшчана белымі плямамі. Цывільны перайшоў на другі бок вуліцы і зайшоў у аптэку. Узводны пакіраваўся за ім і з п’янай упартасцю шнураваў перад дзвярыма аптэкі, чакаючы, калі той выйдзе.

«Гэтаму занятак ёсць!» — падумаў я і падаўся, каб сапраўды дзесьці напіцца.

Праз гадзіну, наладаваны падарункамі для Лёлькі, уваходзіў да яе. Я выпіў якраз гэтулькі, колькі мне трэба і быў у залатым настроі. Лёльку заспеў дома. Ляжала на ложку ў нейкім стракатым халаціку і разглядала альбом з каўказскімі краявідамі, які я калісьці ёй купіў.

Ад парога я пачаў спяваць: Як ката не хоча кошка, Дык не хочахоць памры. А паненкі лёгка ножкі Падымаюць дагары.

Жыву ў Лёлькі другі дзень. Згода паміж намі ўсталявалася. Вуркоча як котка... Цёпла, ціха, але нявесела... Усё мне надакучыла. Нават яна... Пуховая падушка добрая пад галавой, каб выспацца, але ўвесь час насіць яе на галаве — такое надакучыць.

Заўтра трэба выехаць у Ліду, бо тут болей не вытрымаю.

* * *

Ліда, 18 кастрычніка 1922 г.

Калі ўдумацца, жыццё чалавечае анічога не вартае, нават самае прадуктыўнае. Хтосьці створыць велізарныя культурныя каштоўнасці. Народ узвысіцца на высокім узроўні цывілізацыі. Чалавецтва створыць калектыўнымі высілкамі цудоўныя ўмовы існавання. І што ж далей? Як таго нейкага кагосьці, так і народ, і ўсё чалавецтва наперадзе няўхільна чакае пагібель, бо законы прыроды аднолькавыя для ўсіх. Як для маленькіх арганізмаў, так і для вялікіх, як для аднаго чалавека, так і для ўсяго чалавецтва. Нават наша Зямля змушаная будзе састарэць і скончыць натуральнай смерцю, ад «старэчага маразму», калі перад тым не загіне з-за нейкай касмічнай катастрофы. Нават вядомы нам космас будзе змушаны саступіць месца іншаму космасу.

Каштоўнасць існавання адзінкі — для яе самой — залежыць ад сумы тых задавальненняў (як хочаш іх назаві: працай або распустай, малітвай або творчасцю), якія яна зможа ўзяць ад жыцця. Я, напрыклад, учора дакладна атрымаў задавальненне, калі ў адным рэстаране адчабучыў штуку. Пайшоў туды з калегам, таксама выведнікам. Мы былі ўжо п’яныя. Я замовіў гарэлкі і свіную адбіўную.

На зале было даволі шмат гасцей. Паблізу мяне, за іншым сталом, сядзела, спакойна спажываючы харч, вялікае кампанія... Там проста елі, але менавіта спажывалі закускі, адбіўныя і рознае іншае з талерак. Усё адбывалася гэтак павольна, велічна, у такой засяроджанасці, быццам ладзіўся рэлігійны абрад, а не выконвалася звычайная дзея напіхання трыбухоў ежай. Кампанія складалася з трох спадароў, чатырох спадарынь, двух малых дзетак і аднаго хлопчыка гадоў дзесяці, вясёлага і рухомага як ртуць. Ён адзін вылучаўся сваімі «анармальнымі» паводзінамі сярод астатніх людзей, што сядзялі за стал ом. Былі яны найверагодней адной сям’ёй. У бок хлопчыка безупынна ляцелі навальнічныя погляды, яму чыталіся маралі і натацыі дарослых: