Читать «Пяты этап» онлайн - страница 75

Сяргей Пясецкі

Калі часам думаю пра Лёльку, дык не ўяўляю яе інакш, як на ложку... негліжэ. Яе працоўны варштат... Нельга пра яе так пісаць, бо гэта вельмі доб­рая дзяўчына. Не дужа разумная, але гэта не змяншае яе асноўную вартасць. Яна ніколькі не прагная і не саманадзейная. Каханкаў і да мяне мела некалькіх і, здаецца мне, да кожнага прывязвалася шчыра, а паколькі вельмі зграбная паставай (хоць брыдкая з твару), дык калі страціць аднаго, лёгка знаходзіць наступнага.

З Маладзечна я паехаў у Вільню. Там у гатэлі распакаваў мяшок са шкурками Пасартаваў іх. Меў 28 куніц, 15 пачак (па 20 штук) алтайскіх вавёрак і 6 жоўтых лісаў. Прадаў усё. Куніцы па 12 даляраў за штуку, вавёркі па 18 даляраў за пачак, а лісаў — па 4 даляры за шкурку. Прадаў танна, бо вельмі спяшаўся... Усяго выручыў 630 даляраў. Такім чынам значна паправіў фінансы, бо ў мяне ўжо было тугавата з грашыма. Тых, якія атрымліваю на «працу», так мала, што на падарожжа ледзь хапае. Варта падумаць, ці не кінуць гэты занятак, калі зусім мала аплачваецца. Гэта не фільм!.. Адзінае: пачаў асвойвацца з гэтай працай. Здаецца мне, што калі б яе кінуў, дык у маім жыцці ўтварыўся б велізарны прагал, які нічым бы не запоўніў! Пабачым далей.

Зайшоў да Кароля Фарбы і распавёў яму пра захады, якія рабіла ягоная жонка, каб выехаць у Польшчу. Аддаў яму ліст ад жонкі і выказаў сумнеў, што наўрад ці хутка ёй удасца ўладзіць гэтую справу.

Фарба раптам спытаў мяне:

— Ці пан пагодзіцца правесці мяне ў Менск, каб я мог асабіста пагаварыць з жонкай? Хацеў бы заадно наведаць сваякоў і знаёмых у Менску і ўладзіць некалькі спраў.

Мною авалодаў смех, але я сказаў сур’ёзна:

— Чаму не? Можна. Гэта звычайны шпацыр... Можа, занадта доўгі, але вельмі вясёлы.

— Так? Цу-доў-на! Я пра тое даўно думаў.

Паабяцаў узяць яго з сабою ў лістападзе або ў снежні, каб ён мог застацца там даўжэй. Я меўу тым сваю мэту. Ведаў, што ён скупы, а ідучы туды вымушаны будзе ўзяць з Польшчы падарункі для ўсёй сям’і. Добра было б, каб бальшавікі паганялі нас на мяжы... Не вельмі, каб не ўляцець, але так, каб панюхаў, чым пахне мяжа! «Няхай бы пратрос свой баязлівы азадак!» — падумаў я пры гэтым.

У Баранавічах я адразу паехаў да Уладзіка. Палкоўнік чакаў мяне.

— Адчуваў, што прыедзеш сёння, — прамовіў.

— Спецыяльна і прыйшоў, каб цябе ўбачыць.

— Цудоўна! Вып’ем!...

— А няўжо ж.

— І я не супраць, — дадаў Уладзік.

Але пілі яны стрымана, імкнучыся мяне напаіць. Са здзіўленнем заўважыў, як яны то прапускаюць, то падліваюць мне болей, але нічога не сказаў і праз нейкі час больш прыкідваўся падпітым, чым насамрэч быў такім.