Читать «Пяты этап» онлайн - страница 74

Сяргей Пясецкі

Усюды адзін. Быццам д’ябал злосны, быццам д’ябал рашучы, быццам д’ябал ганарысты!.. Толькі ноч мая памагатая! Толькі лес — мой сябра! Уначы, у лесе я магу спаборнічаць з ворагамі зброяй, спрытам, трываласцю... З усімі! Але днём?..

Калі потым апынаюся ў сваім краі, у бяспецы, дык тады ў душы ўтвараецца нейкая пустэча, якую нічым нельга запоўніць. Людзі вакол здаюцца празмерна звычайнымі, усё будзённае не мае вялікага значэння, не мае аніякай каштоўнасці і цаны. На запаўненне той пустэчы застаецца гарэлка і... скандалы, якія я чыню безупынна і за якія атрымліваю суровыя вымовы.

Падаецца мне, што гэтак званая мужнасць — гэта не мужнасць у тым значэнні, у якім яе звычайна разумеюць, але штосьці іншае. Не магу зразумець — што. Але адчуваю памылку ў сваім ладзе жыцця. Магчыма, у будучым здолею гэта выказаць...

Нядаўна адзін афіцэр, які суправаджаў мяне на мяжу, чалавек адзначаны шматлікімі ўзнагародамі за адвагу, сказаў:

— Шкада мне пана, што ідзе туды адзін... уначы... Я — смяльчак, вельмі адважны, але апынуцца ў гэткім становішчы не хацеў бы. Адна справа, калі мы ідзём у атаку, плячо ў плячо, узбуджаныя, загіпнатызаваныя агульным энтузіязмам, агульнай ідэяй... Калі смерць, дык — на полі бою, прылюдна. Калі рана — гонар, нават у ворагаў... Няволя — ганаровая... А тут? — Вайсковец сцепануўся амаль з агідай. — Ці пан напраўду не баіцца?

Я не мог адказаць яму на гэта пытанне, бо знаходзіўся над памежжам і думаў пра штосьці іншае і, апрача таго, не меў часу разважаць. Якія дзіўныя людзі! Задаюць вельмі цяжкія пытанні, цяжар якіх нават немагчыма асэнсаваць, і пытаюць пра гэта як пра: «Каторая гадзіна?» Адказаў яму тады штосьці накшталт:

— Ці баюся?.. Не ведаю... Здаецца, не... Я зараз адчуваю толькі жаданне да палёту наперад, каб не зацягваць чаканне невядомай мне небяспекі... А потым, калі я апынуся «там», дык буду мець сцятыя сківіцы і злосць у душы, што хтосьці можа на мяне паляваць, замінаць мне ў тым палёце... Не баюся анікога на свеце, пакуль трымаю ў руцэ зброю... Я там машына: рашучая і мэтанакіраваная, хоць яна можа вельмі зношвацца з прычыны празмернай, разнастайнай працы цягліц, нерваў, мозгу... напятасці... інтуіцыі... інстынкту... Да таго ж яны самі часта ваююць між сабою. І каб гэтая складаная машына працавала, яе трэба змазваць: нянавісцю або ідэяй...

Я забыўся пра адну рэч, магчыма, галоўную! Тую, якая завецца неабходнасцю. Яна або свая, або чыя-небудзь, або агульная. У сэнсе — некаму ж трэба туды ісці.

* * *

Баранавічы, 16 кастрычніка 1922 г.

Я сяджу ў Лёлькі ў гатэлі і пішу. Памірыўся з ёй. Згоду нашу прыспешылі і ўмацавалі падарункі. Купіў для яе ў Вільні вожыка. Казалі, што гэта малады самец, але я не ведаю, ці праўда, бо пол я пазнаю па адзежы, а узрост па пысе. Гэты ж д’ябал апрануўся ў калючае футра, згарнуўся ў клубок і ні чапай яго! Акрамя вожыка прывёз Лёльцы прыгожы шаль і шмат рознай драбязы. Сядзіць зараз на ложку і смакуе шакаладкі, скоса пазіраючы на мяне. Дзівіцца напэўна, што заманулася мне дурная думка: крамзоліць нешта ў сшытачку ў адзінаццаць уначы.