Читать «Пяты этап» онлайн - страница 23

Сяргей Пясецкі

Вечарэла. Сонца хілілася да зямлі. Забава быў ужо паблізу мяжы. У адным месцы выйшаў з-за густога алешніку, што закрываў паварот дарогі, убачыў за сотню крокаў ад сябе будынак пры дарозе. Гэта была карчма, у якой несумненна знаходзіўся заградатрад. Вакол будынка мітусіліся чырвонаармейцы. Некалькі асядланых коней стаяла паблізу ганка.

Забава ўсвядоміў небяспеку, але падацца назад, каб схавацца, не мог, бо зразумеў, што яго ўжо бачаць. Уцякаць таксама не мог, паколькі найбліжэйшы лес быў уласна за карчмой, на адлегласці больш кіламетра, а вакол цягнуліся голыя палі.

Пайшоў наперад. Памацаў у кішэні наган, а пакет з дакументамі і газетамі запхаў на грудзі пад кашулю. «У выпадку чаго пакраплю іх свінцовым кадзілам. ды ў лес», — думаў Забава, рашуча прастуючы насустрач невядомасці.

Гэта быў план, які яму падказаў мозг, а дакладней кажучы, інтуіцыя. Любыя іншыя дзеянні ў дадзенай сітуацыі былі пройгрышнымі. Гэты ж мог атрымацца. Перад карчмой мітусілася некалькіх чырвонаармейцаў; адны ўваходзілі, другія выходзілі. Пры выпадку Забава мог вельмі хутка, амаль імгненна расстраляць некалькіх з іх і, перш чым іншыя апамятаюцца, сігануць у лес. Бегаў ён шпарка, таму калі б у яго не пацэлілі з першага стрэлу, даімчаў бы да лесу, які ўжо ахутвалі вячэрнія прыцемкі. У лесе ж ён быў бы сам сабе гаспадар.

Крочыў ужо паблізу карчмы. Ішоў сярэдзінай дарогі, штосьці насвістваючы. Чырвонаармейцы глядзелі на яго. Забава, замест таго, каб абмінуць карчму, падышоў да ганка, дзе на лаўцы стаяла вядро вады і бляшанка ад кансерваў, якая замяняла кубак.

— Добры вечар! — сказаў, набіраючы ваду з вядра.

Зацікаўленасць чырвонаармейцаў ягонай асобай адразу знікла, і Забава, напіўшыся вады, пайшоў сваёй дарогай, ні пра што не пытаны. Было яму весела. Далонь моцна і ўпэўнена сціскала шурпатую рукаятку нагана. Пачуваўся валадаром жыцця і смерці. Нешто цёплае казытала яго ў грудзях і горле — як тады, калі бачыў цудоўную ўсмешку на твары спадарыні Ядвігі.

Датупаў да лесу. Пераскочыў канаву і ўвайшоў паміж высокімі хвоямі. Лёг на мяккім імху і запаліў цыгарэту. Неўзабаве зноў выйшаў з лесу і спыніўся пры дарозе. Перад ім рассцілася велізарная паляна, аточаная густым борам. Перасякала яе дарога, знікаючы за цёмнай сцяной лесу, які з малымі перапынкамі цягнуўся ажно да мяжы. Забаве было душна. Парыла, паветра было нібы насычанае электрычнасцю. Насамрэч дзеялася штосьці незвычайнае. Нерушная цішыня панавала вакол. Толькі птушкі, трывожна шчабечучы, кружлялі над самай зямлёй, але раптам і яны зніклі.