Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 32

Сяргей Пясецкі

– Як табе, Настка, спадабаўся фільм?

– Зразумела, – сказала яна. – Толькі мне хлопца шкада. Такі прыстойны.

Выйшлі мы з кіна. Я ёй кажу:

– Да цябе спаць пойдзем, ці да мяне?

– Да мяне нельга, – кажа яна. – Я з шасцю каляжанкамі ў адным пакоі кватарую.

Таму пайшлі да мяне. Пераспалі мы, а зранку я першым устаў, бо ў казармы ісці павінен быў. Службу ў той дзень меў. Пачаў яе будзіць. А яна кажа:

– Можаш ісці сабе. Я яшчэ з гадзінку пасплю, а потым пайду.

Пайшоў я на службу. Увечары вярнуўся – Насткі няма. Пакой не прыбраны, ложак не засланы. Пачаў я парадак наводзіць і заўважыў, што пад ложкам няма таго пакунку, што я хацеў Дуняшцы даслаць, але перадумаў. Я моцна знерваваўся і паклікаў Ліпу. Кажу яму:

– Тут у мяне з пакоя пакунак з каштоўнымі рэчамі знік.

– Калі? – спытаўся ён.

– Не ведаю, – адказаў я, – калі знік. Толькі сюды ніхто акрамя цябе, тваёй жонкі і тваіх дачок зайсці не можа. Спытай іх. Можа каторая жартам узяла?

А ён гаворыць:

– Ніводная з іх не возьме ані жартам, ані насамрэч. Такіх звычак у нас няма. Але я заўважыў, што сёння зранку з дому, з твайго пакоя, выйшла нейкая саветка і пакунак несла пад пахай. Нават спытаў у яе, што шукала ў кватэры. Дык яна мне адказала:

– Начавала ў нарачонага.

Вельмі прыкра мне зрабілася і рэчаў дарагіх моцна шкада. Таму вырашыў я, канешне, Настку знайсці. Пачаў кожны вечар паблізу кіна хадзіць. Але яна не прыйшла ні разу. Урэшчэ злапаў я яе ўдзень на кірмашы. Была яна там з трыма каляжанкамі.

– Дзень добры, Настка! – гавару.

А яна спачатку зрабіла выгляд, што мяне зусім не пазнае. А потым кажа:

– Дзень добры! Так шмат знаёмых мужчынаў маю, што і не пазнала адразу.

Тады я ёй гавару:

– Хадзем са мной на мінутку. У мяне да цябе вельмі важная справа.

А яна на эта:

– Нікуды не пайду. Мянці тут. Гэта мае найлепшыя сяброўкі, і я ніякіх сакрэтаў ад іх не маю.

Тады я кажу:

– Калі ты ў мяне была, дык пакунак з каштоўнымі рэчамі забрала. Прашу мне яго аддаць.

– Які пакунак? – пытаецца яна. – Нічога пра нейкі там пакунак я не ведаю.

Тады я гавару:

– Добра ведаеш, які пакунак. Гаспадар бачыў, як ты зранку з пакункам з дому выходзіла.

А яна як вызверыцца на мяне:

– Мела я дзесьці там цябе і гаспадара твайго разам! Тожа мне, кавалер знайшоўся! Ні вячэры нават, ні сняданку з’есці не даў! Пакунак у яго знік! Ідзі і шукай!

– Настка! – кажу. – Лепей аддай усё па-добраму, бо буду вымушаны на цябе дакласці.

А яна ўжо проста крычыць:

– Ідзі і дакладай! Я першая закладу, што ты спекуляцыяй займаешся! Тожа мне, чэсны знайшоўся! Пэўна, сам у нейкай кабеты рэчы скраў!

– Рэчы былі мае ўласныя.

– Так, уласныя! – крычыць яна. – Хіба ў бабскіх кашулях і трусах ходзіш!… Калі ўласныя, дык чаму іх пад ложкам хаваў?!

А яе каляжанкі як пачалі сакатаць, як пачалі крычаць і смяяцца з мяне, дык я не ведаў, што і рабіць. Сказаў тады Настцы спакойна:

– Настка, не буду я пра тыя рэчы нікому закладаць, але ты толькі гэтым скажы, што подла са мною абышлася. Не чакаў я ад цябе такога. Ты ж нават таго сабатажніка, якога мы ў кіне на экране бачылі, пашкадавала. А мяне як пакрыўдзіла!