Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 34

Сяргей Пясецкі

Аднак вясна тая і мне троху галаву закруціла, бо ледзьве не закахаўся я ў буржуйку. Але своечасова апамятаўся і каханне сваё зліквідаваў. Самі разумееце: жару добра, бабы ж не маю, таму часам розныя такія мужчынскія думкі да галавы прыходзяць і чалавек цалкам дурнее. Вось каля нашых казармаў было некалькі лавак, у якіх тутэйшыя кабеты прадавалі розную ежу і чай. Заўважыў я там неяк нічога сабе бабёнку. Была яна старэйшая за мяне можа гадоў на дзесяць, але досыць тлустая і пысу мела чырвоную. Так што мне, можна сказаць, нават і спадабалася. Таму я да лаўкі той пачаў часта хадзіць і чай нават празмерна папіваць. І заўсёды быў вельмі чэсны: за тое, што з’яду ці вып’ю, заўсёды без аніякага ашуканства плаціў. Таму яна нават шанаваць мяне пачала і весела на мяне пазірала. Заўважыў я, што яна паліць, дык я ёй часам папіросаў прыносіў па таннейшай цане і вельмі прыязна з ёю размаўляў. Вырашыў, што трэба будзе пачаць з ёю каханне круціць. А што яна нашмат мяне старэйшая, дык гэта значэння вялікага не мае. Бо з нашымі саветкамі – пасля таго ўроку, што дала мне Настка – справаў не меў. Нават глядзець на іх брыдка было. Заўсёды думаў: можа кожная – такая ж самая, як і Настка.

Вось хаджу я да той гандляркі і хаджу. Чай сцёбаю ды сцёбаю. Але думаю сабе так: “Яшчэ прыйдзе час, калі я задарма буду ў цябе, адпаведна з маім высокім званнем, нажырацца”. Прапанаваў я ёй неяк у кіно пайсці. Але яна адказала, што не любіць у кіно хадзіць і што не хоча, каб яе знаёмыя з вайскоўцам бачылі, бо адразу пачнуць абгаворваць. Спытаўся ў яе пра сям’ю. Аказалася, што ўжо тры гады як удовая і жыве адна. Таксама шыкоўна – падумаў я – акурат для мяне кабета. Вельмі багатая, бо і лаўку мае, і ўласнае жытло. Але я зразумеў, што з тымі дурнымі буржуйкамі не так гладка ідзе, як з нашымі бабамі. Вядома: несвядомы яны элемент, у палоне капіталістычных забабонаў.

Некалькі разоў я ёй увечары з лаўкі дадому кошыкі з ежай і дужы бляшаны самавар занёс. Яна не пакідала гэтага на ноч у лаўцы, бо нашыя хлапцы дужа любілі падобныя правіянты і рэчы “нацыяналізоўваць”. Калі ёй кошыкі дадому заносіў, дык заўсёды што-небудзь на харчаванне атрымліваў. Але на ноч застацца не дазваляла.

– У мяне, – казала, – дачушка сямігадовая, і я не хачу, каб дзіця да маці павагу страціла. Дрэнны гэта прыклад. Ну і суседзі могуць даведацца.

Аднак аднойчы, пасля доўгага знаёмства, згадзілася яна пайсці са мною ў нядзелю на прагулку за горад. Але перад тым папярэдзіла:

– Толькі не разлічвайце ні на што большае за прагулку, бо я кабета чэсная і прыстойная. Бачу, што вы малады і што сумна вам аднаму, таму паразмаўляем і час на вольным паветры правядзем.

Але я на гэта яе мянценне увагі не звярнуў. Усё гэта – думаю сабе – твае буржуйскія хітрыкі. Але прыйдзе час, і ўсё гэта скончыцца.

Прыбраўся я ў нядзелю належным чынам. Шмат парфумы на галаву выліў. Два гадзіннікі ўзяў і боты англійскага фасону абуў. Выглядаў не горш за якога важнага савецкага начальніка. Вось.

У суботу купіў бутэльку гарэлкі, а ў нядзелю пайшоў да лаўкі. Яна таксама шыкоўна ўбралася. І пазнаць было цяжка ў новым паліце і ў боціках. Як вельмі значная капіталістка выглядала. Яна таксама прыгатавала пакунак з рознай ежай і пайшлі мы на прагулку за горад.