Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 40

Сакрат Яновіч

У такіх умовах „Наша Ніва” зьявілася быццам бы ворганам перабудовы сельскай гаспадаркі з фэадальна раздробленай у буйнадваровую, зь беднай у заможную. Зьмяшчала — даволі густа — агранамічныя й вэтэрынарныя парады. Але ня толькі. Запамяталася яна нам як газэта, у якой расла й высьпявала новая наша літаратура, запаветная пасьля Чачота, Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Гурыновіча, Абуховіча-Бандынэлі, Лучыны-Неслухоўскага. Як паведамляюць гісторыкі, за адны пачатковыя тры гады існаваньня гэтага векапомнага тыднёвіка было надрукавана ў ім каля дзевяцісот карэспандэнцыяў з амаль паўтысячы вёсак і мястэчак, і 246 вершаў 61 паэта, 91 апавяданьне 36 празаікаў. Упершыню пабачылі сьвет на яго старонках творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, і практычна ўсіх іншых, што садзейнічала прафэсіяналізацыі літаратуры й сумежнай зь ёю творчасьці, напрыклад, літаратуразнаўства й тэатру. Гэтыя словы зьяўляюцца ўсяго толькі намёкамі на фундамэнтальнае ў зьдзяйсьненьнях нашаніўцаў, аб працы якіх можна гаварыць бясконца. Рэдакцыя й ейны актыў замянялі літаральна ўсё, чаго не было: беларускую дзяржаўнасьць і беларускую веру, беларускую школу й беларускі ўніверсітэт, Беларускую Акадэмію Навук і беларускую гістарычную памяць.

Людзі, што працавалі ў ёй, мелі шырокі сьветапогляд і шматбаковае выхаваньне. Паходзілі зь сем’яў найчасьцей з польскімі культурнымі традыцыямі і, заканчваючы расейскія школы, самі прабіваліся да ўласных беларускіх каранёў. Таму былі яны асобамі з надзвычай моцнымі ды самабытнымі характарамі, якія бываюць на пераломе эпохаў. Як у першапраходцаў.

23. Абуджэньне

Гісторыкі, акрамя камуністычна-расейскіх ды іхных інтэлектуальных халуёў, падкрэсьліваюць унікальнае значэньне „Нашай Нівы”, слушна разглядаючы яе ў кантэксьце ўнівэрсальных мэханізмаў нараджэньня нацыі. Але, чамусьці, бракуе ім глыбейшай рэфлексіі, хаця б па аналёгіі з суседнімі нацыянальнымі рухамі, што гэтая газэта выйшла ў Беларусь на адно пакаленьне запозна. Яна павінна была зьявіцца адначасна зь першай хваляй вольных сялянаў, гэта значыць, у васьмідзесятыя гады ХІХ стагодзьдзя. Пра тое, што гэта было магчымае, сьведчыць утварэньне аўтаномнай Беларускай партыі ў рамках „Народнай Волі”, а перш за ўсё існаваньне ў 1884 годзе падпольнага часопіса „Гоман” („Гомон”), на старонках якога, як вядома, упершыню была сфармуляваная ідэя Беларускага Народу й Беларускай Дзяржавы. Былі й іншыя друкі, праўда, аднаразовыя, аказійныя, пра якія я згадваў ужо раней.