Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 37

Сакрат Яновіч

Аналізуючы відавочную слабасьць беларускага адраджэнскага руху, мы звычайна не бярэм пад увагу тае знамянальнае акалічнасьці, што не зьяўляўся ён тады элемэнтам міжнароднай палітыкі, а быў толькі ўнутранай зьявай у межах Расеі. У некаторай меры, талеруючы яго ўсё ж, адміністрацыя й пецярбурскі ўрад кіраваліся разьлікам на паслабленьне яшчэ значных польскіх уплываў у заходніх губэрнях. На больш не спадзяваліся, дасканала разумеючы, што радыкальнае зьнішчэньне іх было б раўназначным з вайною супраць папулярнага тут — нароўні з праваслаўем — каталіцызму й закончылася б аднымі шкодамі інтарэсам імпэрыі ў Эўропе. Словам, не калькуляваўся такі варыянт. Тыя ж царскія ўладары актыўна падтрымлівалі — маральна й матэрыяльна — мясцовыя нацыяналізмы ў Эстоніі ды ў Латвіі. Там спакон вякоў панавала нямецкая культура, пратэстантызм, арыентацыя на Захад, і таму гэты высокацывілізаваны рэгіён трэба было абавязкова павярнуць тварам да Масквы; адарваць заварожаны позірк даўняе Ліфляндыі на Нямеччыну й Швэцыю. Як гэта ўчыніць? Тэрорам ня ўдасца, дык істотным паспрыяньнем разьвіцьцю глумленых тутэйшымі немцамі нацыяў: эстонцаў, латышоў; уключна з адкрыцьцём уласных школаў, што не дадзена было беларусам. Давайце крыху працягнем урок палітычнага мысьленьня. Наўрад ці хутчэй за нас, беларусаў, нарадзілася б сучасная нацыянальнасьць летувісаў, затым і дзяржаўнасьць, калі б частка іхнай занёманскай этнічнай тэрыторыі не апынулася была ў складзе Ўсходняй Прусіі, з цэнтрам у горадзе Тыльзыт. Летувіскаму насельніцтву пад нямецкай уладаю была ўведзена свабода на карэнна-народную духоўнасьць, на друкаваньне забароненых расейцамі летувіскіх кніжак, перш за ўсё рэлігійных, кантрабандаю перапраўляных за кардон. Бэрлінскія палітыкі — ня горш за пецярбурскіх — калькулявалі па-свойму. На Ковеншчыне пашыраліся антымаскоўскія настроі. Супрацьдзеяць ім магчыма было ня йначай, як даючы свабоду, што й сталася з карысьцю для тэмпаў росту самасьвядомасьці ў тых жа летувісаў. Падобны мэханізм задзейнічаў і ў выпадку ўкраінскага адраджэньня, якое прасоўвалася на ўсход зь Львова і ўсяе Галіччыны, салідна падукраінізаванай канфліктуючай з Расеяй Аўстрыяй, незадаволенай царскім патранатам над Сэрбіяй і іншымі балканскімі славянамі. Клясычны прыклад імпэрскай нацыянальнай палітыкі назіраем у гісторыі падзеленай Польшчы, якую выкарыстоўвалі ў захопніцкіх сталіцах у плянаваньні дыпляматычных акцыяў і контракцыяў. Аднаўленьне польскасьці разам з дазволам аўстрыйскага начальства адчыніць даўні ўніверсытэт у Кракаве невыпадкова зьбеглася з русыфікацыйным ціскам пасьля Студзеньскага паўстаньня ў Каралеўстве Польскім ды пройгрышам Вены ў ваеннай канфрантацыі з Бэрлінам у 1866 годзе, стратаю Сылезіі з Лужыцамі. У Вене ўзяліся гуляць польскім козырам, і дадаткова ўкраінскім.