Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 23

Сакрат Яновіч

14. Карані

У мікалаеўскую эпоху пачаўся дэмантаж польскіх культурных і палітычных структураў. Лістападаўскае паўстаньне закончылася ліквідацыяй знакамітае арміі Польскага Каралеўства, радыкальным абмежаваньнем ягонае аўтаноміі ў імпэрыі. Дагэтуль царскія ўлады ўспрымалі Беларусь як частку колішняе Польшчы: падпарадкоўвалі адміністрацыю мясцовых губэрняў Варшаве, падтрымлівалі ў яе колах надзеі на далучэньне іх да Польшчы ды спрыялі паняцьцю гэтак званых Забраных Земляў. Цяпер быў зачынены Віленскі Ўнівэрсытэт. Арганізаваныя ім школы паступова пераўтвараліся ў расейскія. З правінцыяльных канцылярыяў зьнікла пальшчызна. Палянізацыя Беларускага Краю была замененая русыфікацыяй. Але, пакуль трымалася паншчынная сыстэма, тыя антыпольскія пачынаньні імпэратара Мікалая І не парушылі істотным чынам усталяванага духоўнага аблічча Беларусі, у якой мужык надалей гнуўся пад польскім панам, а ў мястэчках і гарадох пераважаў жыдоўскі капітал поруч зь нямецкімі майстрамі ды мануфактурнікамі. Моўная, культурная сытуацыя ніяк не спрыяла разьвіцьцю карэннай нацыі, падставы для якой не выходзілі далей за саламяную вёску й бяспраўных нявольнікаў у ёй. Беларускую мову, праўда, ведалі ўсе, нават немец і ягоныя памочнікі ў варштаце, і граф маёнткаў. Аднак была яна патрэбнай ім толькі дзеля таго, каб паразумецца з чорным чалавекам. Таму Ян Чачот сьлёзна жаліўся на яе забітасьць ды немінучую сьмерць. Рамантычнае вяртаньне да народнага нельга ўспрымаць даслоўна. Чачот прынамсі спрабаваў узвысіць селяніна, друкуючы простыя песьні, прымаўкі. Міцкевіч жа не зрабіў нічога ў гэтым напрамку, прысьвяціўшы свой талент апяяньню двара й касьцёла, паніча й палацаў, буйных застольляў і разбойных наездаў. Ён прасьпяваў разьвітаньне адыходзячаму сьвету, чамусьці зусім не прадчуўшы, што з канцом яго веку згіне шляхта, а неўзабаве дзяржава апынецца ў шурпатых руках шаўцоў, наймітаў і недавучаных сэмінарыстаў. Вялікі паэт аказаўся невялікім мысьліцелем, што ёсьць нормаю ў літаратуры (хоць, прыкладам, Юльюш Славацкі быў глыбейшы). У 1840 годзе пачалося выкараненьне рэдкіх яшчэ парасткаў наважытнае беларушчыны. Адбылася дэлегалізацыя карыстаньня ў тутэйшых судох Статутам Вялікага Княства Літоўскага. Пад страхам крымінальнай кары была ўведзеная забарона назваў Беларусь, беларускі й прыдуманае нашай айчыне штучнае акрэсьленьне Паўночна-Заходні Край, а мова была прыніжаная да рангу расейскае гаворкі. Годам раней было ініцыяванае прымусовае аправаслаўленьне, часта пад казацкім тэрорам.