Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 21

Сакрат Яновіч

Заграй, заграй, хлопча малы, І ў скрыпачкі, і ў цымбалы, А я заграю у дуду, Бо ў Крошыне жыць не буду. Бо ў Крошыне пан сярдзіты, Бацька кіямі забіты, Маці тужыць, сястра плача... Дзе ты пойдзеш, небарача? Дзе я пайду? Мілы Божа! Пайду ў сьвет, у бездарожэ, У ваўкалака абярнуся, Сьлёзна на вас абзірнуся, Будзь здарова, маці міла! Каб ты мяне не радзіла, Каб ты мяне не карміла, Шчасьліўшая ты бы была! (...)

Падобная сытуацыя скончылася Адаму Міцкевічу высылкаю ў сталіцу імпэрыі, сябраваньнем з Аляксандрам Пушкінам, імправізацыямі ў салёне княгіні Зінаіды Валконскай, гасьцяваньнем у магнацкіх палацах над Чорным морам, і, урэшце, выездам у Парыж, на Сарбону. Паўлюка ж Багрыма — нявыраслага хлапчука — пагналі ў салдаты. Ён яшчэ доўга жыў, але маўчаў, ня браўся за пяро.

13. Патрыятызм

Яшчэ й цяпер гісторыкі літаратуры лічаць, што першым сьвядома беларускім пісьменьнікам новага часу быў Францішак Багушэвіч. Быў ён нацыянальным патрыётам, заклікаў да адраджэньня Беларусі. Але гэта, аказваецца, далёка ня так, не яго трэба лічыць бацькам нашага патрыятызму, а Яна Чачота, сябра Адама Міцкевіча.

Вучоныя адкрываюць невядомыя дагэтуль матэрыялы, распыленыя па ўсім сьвеце, якія інакш асьвятляюць беларускае XIX стагодзьдзе. Яно не было аж настолькі сумна ніякаватым, як нам здаецца. Ведаем ужо: беларуская ідэя ўзьнікла ў напалеонаўскія войны, і трэба зьвязваць яе зь дзейнасьцю групы гэтак званых паповічаў: Міхайлы Баброўскага, Ігната Даніловіча й іншых. Сфармавалася яна вакол Супраскага манастыра й навукова грунтавалася на прафэсарскіх катэдрах Віленскага Ўніверсытэту. Гонар выяўленьня яе ды вопісу належыць Алегу Латышонку, маладому дасьледніку й лідэру Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднаньня ў Польшчы.

Ян Чачот нарадзіўся, калі Рэч Паслалітая зьнікла з палітычнай мапы Эўропы. Вялікае Княства Літоўскае анэктавала Расейская Імпэрыя. Як і Адам Міцкевіч, якому быў ён амаль равесьнікам, паходзіў з тае ж Наваградчыны — рэгіёну ў культуры Беларусі надта знамянальнага, унікальна багатага талентамі. Чачоту, які быў зь беднага роду засьцянковай шляхты ў вёсцы Малюшычы, не пашанцавала ў жыцьці. Ня меў ён за што скончыць навукі ў унівэрсытэце, а стаўшы адным з арганізатараў тайных студэнцкіх Таварыстваў Філяматаў і Філярэтаў, пасьля іх выкрыцьця паліцыяй трапіў пад следзтва ды ў ссылку на Ўрал. Слабое здароўе ня вытрымала расейскае катаргі — Чачот захварэў сухотамі, якія й зьвялі яго без пары з гэтага сьвету на пяцьдзесят першым годзе жыцьця. Вярнуўся ён на радзіму слабым і заўчасна састарэлым чалавекам.