Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 19

Сакрат Яновіч

Тым часам у пару Касьцюшкоўскага паўстаньня нарадзіўся ў засьценку Мурагі, што за Дзьвіною, Ян Баршчэўскі, паэт, які вывеў беларускае вершаскладаньне з фальклёрнага ўзроўню на прафэсійны. Выхаваны ў польскай культуры — вучань езуіцкай калегіі ў Полацку — гэты выхадзец з той шляхты, для якой беларуская мова была роднай, штодзённай, у першую стадыю літаратурнай дзейнасьці пісаў пераважна на ёй. На жаль, у друк трапілі ўсяго два яго вершы ды ўрывак зь вялікай паэмы, прычым значна пазьней, чым былі створаныя. Паэзія Баршчэўскага распаўсюджвалася рукапісным і вусным шляхамі й мела такую папулярнасьць, што пазьнейшымі фальклярыстамі запісвалася як народная. Некаторы час жыў ён у Пецярбурзе, быў асабіста знаёмы з Адамам Міцкевічам, які зрабіў вялікі ўплыў на фармаваньне яго як ужо польскага пісьменьніка. Паэтычны талент абудзіўся ў Яне Баршчэўскім рана: чатырнаццацігадовым хлапчуком склаў — дайшоўшы да нас — верш Ах, чым-жа твая, дзеванька, галоўка занята. Напалеонаўская кампанія 1812 году ў Расеі знайшла адбітак у ягонай згаданай паэме, якая ў цэласьці не захавалася, а ведаем трохі пра яе, дзякуючы апублікаванаму пасьля ўрыўку пад загалоўкам Рабункі мужыкоў. Вось колькі строфаў:

Як пранцуская сіла З-за Дзьвіны наступіла, Нам стала карціць, Што б парадак прыўраціць. Аднак сядзелі ціха, Аж тут прыносіць ліха Пранцузаў у наш двор, — І ну-тка дзелаць здор. Клеці паразбівалі, Паноў нашых загналі, Нас казалі пазбіраць І гарэлку піць і браць. Пранцузы нас пахвалялі, Аб нашым краі пыталі І на міг і нас прасілі, Каб мы з імі двор лупілі...

Ніхто ў літаратуры, акрамя Яна Баршчэўскага, не сказаў толькі ісьціны пра паход Вялікай Арміі, якая перш за ўсё спрабавала разьбіць фэадальную імпэрыю й выклікаць у ёй рэвалюцыю, зьнішчыць паншчыну. Ні Леў Талстой, ні Адам Міцкевіч гэтага не заўважылі, пішучы свае эпапэі ў высокім айчынна-патрыятычным тоне. Французы заклікалі мужыка лупіць паноў... Яны хацелі братацца зь ім. Але ў нашым баку Эўропы было тады яшчэ значна зарана на такі пералом, на прыняцьце ідэалаў францускай рэвалюцыі, альбо хоць бы на іх зразуменьне.

12. Бяздольнасьць

Вялікае Княства Літоўскае прападала, пераўтвараючыся ў польскую правінцыю, не таму, што дайшло да Крэўскае вуніі ў 1385 годзе й да заснаваньня каралеўскай дынастыі Ягайлавічаў. Княства зьнішчыла агрэсія Масквы, а не Кракава, што ў канчатковым выніку закончылася й катастрофаю самой Польшчы. На ўсходзе вырасла зь вякамі імпэрыя, якая сталася потым жандарам для ўсяе постфэадальнае Эўропы. Польская справа дэградавалася да прадмету міжнароднай палітыкі, што знакаміта разумеў Тадэвуш Банавэнтура Касьцюшка, не даючы згоды Напалеону стаць галоўнакамандуючым ягоных легіёнаў у службе Францыі. Назначаны быў ім Гэнрык Дамброўскі, паў-паляк, паў-немец, болей прафэсійны афіцэр, чым патрыёт. Разыгрываў польскі козыр і імпэратар Аляксандар І, паклікаўшы на пасаду міністра замежных справаў Расеі князя Адама Чартарыскага, зрабіўшы яго сваім блізкім чалавекам і сардэчным дараднікам; дазваляючы яму весьці пэўныя акцыі па аднаўленьні польскай дзяржавы ў межах ад 1772 году, пачынаючы з пашырэньня польскіх школаў і польскамоўнай адміністрацыі ў Беларусі. Існавала адначасова канкурэнцыйная Чартарыскаму сіла — група Міхала Клеафаса са славутага роду Агінскіх. У траўні 1811 году падаў ён расейскаму імпэратару праект рэстытуцыі (узнаўленьня) Вялікага Княства Літоўскага на чале з царскім намесьнікам у Вільні. Але беларускі туз аказаўся мала прыгодным у калодзе, ня надта ўзбагачаў банк палітычных карцёжнікаў. Характэрна, што да гэтае ідэі — уваскрашэньня гістарычнае Літвы — вернецца й Напалеон, але ён проста меў мала часу, і цяжка сёньня меркаваць пра ягонае стаўленьне да Беларусі. Некалькі гэтых характарыстык гісторыі й палітыкі таго часу набходна захаваць у памяці, каб ясьней зразумець сытуацыю беларускай культуры пачатку ХІХ стагодзьдзя, асабліва літаратуры.