Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 75

Алесь Жук

У госці да яе прыходзіла адна толькі Вера, Вера Васільеўна, як звала яе Алена. Таму што Вера Васільеўна была некалі настаўніца, а настаўнікаў прывыкаюць так зваць.

Вера Васільеўна дрэнна бачыла нават у сваіх акулярах з тоўстым шклом, таму здавалася разгубленаю і бездапаможнаю, як вінаватаю ўсё роўна. Яна была старэйшая за Алену, але называла — зноў жа, мабыць, гэта настаўніцкая прывычка — Аленай Міхайлаўнай. Яна так і не выйшла замуж, пражыла ўсё жыццё адна, вучыла чужых дзяцей, і яны толькі часам заязджалі ў госці, і тады Вера Васільеўна расказвала, хвалілася ўсім Федзькам, які цяпер інжынерам на заводзе, хвалілася, як хваляцца сваім дзіцем. I калі слухала гэта Алена, ёй шкада рабілася Веру Васільеўну.

Перад вайною Вера Васільеўна скончыла настаўніцкае вучылішча, перажыла вайну ў вёсцы, а пасля вайны там жа і настаўнічала, пакуль не перабралася ў райцэнтр. Тут яна дарабіла да пенсіі, тут яна і дажывае адзінока свой век — радні ў яе амаль не асталося, толькі на радзіме, гаварыла, жыве яшчэ старэйшая сястра.

Вера Васільеўна вучыла Пятра і радавалася яму гэтак жа, як і Алена.

Цяпер яны абедзве чакалі, пакуль прыедзе Пятро. 3 тым, што ён прыедзе, нібы звязвалася нейкае спадзяванне, хаця невядома, на што можна было і трэба было спадзявацца.

***

Яе прывялі назаўтра раніцаю ў штаб атрада, пасля таго як яна перапаўзла па лёдзе рэчку з малым і цэлую ноч блудзіла ў балоце. Яна ўжо перастала баяцца, бо здавалася, што жаху не будзе канца. Самае страшнае, што яна ўжо палохалася і сваіх — у кожным цяпер здаваўся ёй той дзядзька, які хацеў, каб яна кінула, утапіла дзіця. Потым ёй здавалася, што і Сцяпан хацеў застрэліць яе. Яна пазнала яго і бачыла, што ён пазнаў яе і таму са злосці хацеў застрэліць. Як пачалі біць з танкаў па рэчцы, яна пабегла, каб уцячы і ад яго. Бог ведае, як змагла яна выбрацца з балота — ужо не чула ні рук, ні ног. ні цела, і самае страшнае, здавалася, што і малое, якое яна затульвала кажушком, таксама зледзянела. Яна нікому не аддаваза малога, ніхто не мог адабраць яго ў яе. Яе так пад рукі і прывялі ў хату, дзе быў штаб атрада.

Яна не паверыла вачам — за сталом, прываліўшыся плячыма да сцяны, у расшпіленым кажушку спаў Іван. Ёй здалося, што твар у яго чорны — можа, так падаў цень ад лямпы. Але і праз многа гадоў, калі яна ўспамінае, памятае, што твар у яго быў чорны, праваліліся глыбока вочы.

Ардынарац паварушыў яго за плячо, ён цяжка падняў голаў, паглядзеў невідушчымі вачамі, чаго яго будзяць, хрыпла прагаварыў:

— Дапытаць і далажыць.

Ёй здалося, што зямля перакруцілася, і яна паляцела ў нейкую прорву, нема закрычала.

Ачнулася яна раніцаю ў цёплай пасцелі, спалохана ляпнула рукою поруч — цёплы пакуначак з дзіцем быў поруч.

Ля ложка сядзеў Іван. Твар яго быў змучаны, але ўжо не чорны.