Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 64

Алесь Жук

— Мой. Вы ведаеце яго? Разам партызанілі?

— Ну, як сказаць.. Я ў «Кірава» быў... А так знаў яго, чаму ж не. Як ён? На пенсіі?

— Няма яго.

— Як няма?

— Скора два гады ўжо.

— Ты бачыш? А такі рухавы быў.

— Сэрца.

Змоўклі. I каб перарваць гэтае маўчанне, ужо нясмела Сцяпан папытаў:

— А маці як, Алена?

— Маці нічога. Вы і яе ведалі?

— Чаму ж, ведаў...

Дзямідчыку раптам захацелася сказаць, што ён і яго ведаў. Па гадах гэта быў ён, тое дзіця, якое закрывала сабою Алена і з якім яна паўзла па распухлым лёдзе цераз балотную рэчку, ратуючы яго.

— Будзеце ў маці, паклон скажэце. Ад Дзямідчыка Сцяпана з Альховых Крыніц... Яна павінна помніць.

Сцяпан устаў. Ён хваляваўся.

— Пачакайце, Сцяпан Сцяпанавіч, вы ж сюды ехалі не толькі, каб у мяне пра бацькоў папытаць. Можа, я вам і памагу? Што ў вас?

— Панадзіліся к нам на поле з машынаю зайцоў біць. Я ўжэ не кажу, што азімыя топчуць. I так мы гэтым удабрэннем усё жывое вытруцілі. А тут, можна сказаць, на вачах у людзей, з-пад фар. Я ўчастковаму нашаму, Жоглу, казаў і прасіў. А ён кажа — начальства, а начальства ўсякае бывае. Яму да пенсіі даслужыць трэба...

Сцяпан адчуваў, што збіваецца на скорагаворку, усё роўна нібы саромеецца таго, што гаворыць. Падумаў, што праўду гаварыла жонка — няма чаго лезці да начальства са сваімі зайцамі, яшчэ канчаюць выбіраць і бульбу, і буракі.

— Ясна.

Яновіч зняў трубку, націснуў на клавішу.

— Дзярэча? Дзень добры. Тут да цябе сёння прыйдзе чалавек. Так, Дзямідчык. Ведаеш ужо, гаварыў ён з табою? Ад майго імя разбярыся, хто гэта, чыя машына. Разбярыся і мне даложыш. А я ім пакажу зайчаціну! Хто не ўмее на машыне ездзіць, будзе пяшком па раёне хадзіць. Будзь здароў.

Пётр Іванавіч устаў з-за стала, і цяпер Сцяпану падумалася, што ён хоць і не тоўсты, але не па гадах грузнаваты.

— Нас першы збірае зараз,— сказаў ён.— Зайдзеце к Дзярэчу, усё яму раскажыце. Па раёне яшчэ восем працэнтаў бульбы ў зямлі, амаль сорак — буракоў.

Пётр Іванавіч стомлена, як прасіў прабачэння, усміхнуўся, выйшаў з-за стала, каб развітацца.

— Заходзьце, Сцяпан Сцяпанавіч. Што трэба — заходзьце. Не саромейцеся. А я буду ў вас — заеду, пагляджу, як жывяце.

— Заедзьце. А маці скажыце, што я быў, пра яе пытаўся. Не забудзьце, скажыце.

На развітанне Пётр Іванавіч прытрымаў руку Дзямідчыка, усё роўна як хацеў яшчэ затрымаць, каб пагаварыць.

Сцяпан ужо ведаў, што сакратар забыў яго, тую сустрэчу на полі, калі сама ішлі дажджы.

Ад таго, што яго гэтак добра прыняў сакратар, што ён сын Яновіча, было лягчэй. Сцяпан упэўнена пагрукаў па прыступках лесвіцы, усё роўна як усё жыццё толькі тое і рабіў, што хадзіў па гэтых прыступках. I на дварэ пасвятлела, недзе, мабыць, за туманам, прабілася сонца, і таму ясней і весялей рабілася ў паветры. Не трэба слухаць жонак. Начальства начальству не раўня. А без зайчыка і поле не поле. Гэта ўсе ведаюць.

Паездка выйшла ўдалая. Ад гэтага і маладзей, і весялей было. Думалася пра Алёну — яна, мабыць, такая, як гарадскіх па тэлевізары паказваюць... Яновіч быў старэйшы за яе на гадоў дзесяць. Памёр ужо.