Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 66
Алесь Жук
— Шапка законная, а другая...
— Ну, ладна, давай не будзем...
Дзярэча махнуў рукою — і Сцяпан не стаў больш гаварыць. Усё думаюць, што ён падазрае старшыню ад злосці, з-за таго, што той выправіў на пенсію з брыгадзірства.
— Што яшчэ ў цябе там чутно? — папытаўся Дзярэча.
Ад яго адзежы пахла вадою, полем, лесам, падмоклым брызентам, нейкім блізкім сэрцу, і Сцяпан адчуў, што і яму захацелася ў поле, у лес, дзе прасторна і дзе пахне цяпер восеньскаю вільгаццю і сіверам.
— Нічога.
Дзямідчык устаў, падаў Дзярэчу руку, той прыўстаў з-за стапа, падаў руку на развітанне:
— Слухай, мы збіраем брыгаду на ваўкоў. Давай падключу?
— Далёка куды збіраецеся?
— За Старобін.
— Не, дзякуй, далекавата. Бывай здароў.
— Як хочаш, а то пазвані.
— А не ўжэ. Вы маладыя, куды мне. Ад вас ніякі воўк нікуды не схаваецца, утрубіце яго.
Дзярэча праз акно глядзеў, як паволі, цвёрда, нават з гонарам ішоў па вуліцы Дзямідчык. Хударлявы, лёгкі на нагу, у галіфэ, у салдацкім бушлаціку, у ботах, ён быццам вярнуўся з тае пасляваеннае памяці — тады гэтак адзяваліся мужчыны. Толькі гэтая сумка з цяперашняга часу. Дзярэча нечаму ўспомніў і Альховыя Крыніцы, дзе цяпер пад вокнамі гэтак жа, як ля будынка лясгаса, мокра, сумна і пакамечана цвітуць вяргіні, туманок над алешнікам ляжыць. Поле ўкруга, лясок на гектараў чатырыста, вытаптаны і выхаджаны людзьмі, як сад ці раённы парк, меліярацыйная канава. Там некалі была харошая пакручанка-рэчачка. А цяпер поплаў, забалочаны, часта так пусты, бо замакае ўсё роўна вясною, і нічога на ім не пасееш. У гэтым чыстым высушаным балоце, на былой старыцы ўздумаў пасяліцца бабёр — лазы там па берагах канаў хапала. Загаціў плаціну і пражыў аж тры гады. Потым усё ж раскапалі і хату, і самога забілі. Тады Дзярэча і прыязджаў у Альховыя Крыніцы. Спачатку, каб паглядзець на паселішча, а потым, па заяве таго ж самага Дзямідчыка, каб знайсці віноўнага. Дзе там яго знойдзеш, калі да паселішча і да самае хаткі з паўкіламетра ад дарогі? Ці мала хто туды пад’ехаць можа? Ды і свае маглі пагнацца на шкуру, раскапаць. Спусцілі ваду і пабілі звяркоў.
I цяпер, калі ўспамінаў і тое знішчанае бабрынае паселішча, і самую вёску, і старога Дзямідчыка, Дзярэча са смуткам думаў, што там нічога і не асталося з жыўнасці, хіба дзе які заяц у полі ці качка ў лужку, андатра ў канаве і шэрая курапатка ў полі. Усміхнуўся са старога, які ездзіць і скардзіцца з-за таго зайца. Тут не ўспяваеш ганяць тых, хто ласёў б’е, дзікоў, рыбу трубіць з вадасховішчаў. Смешна было, што Дзямідчык стараўся даказаць, быццам баброў не абышла рука старшыні. Ці не тады гэта было, як старшыня адпраўляў яго на пенсію? Якраз патрабавалі, каб брыгадзірамі былі людзі пасля тэхнікума. А Дзямідчык тады ваяваў са старшынёй.
Дзярэча стомлена правёў далонню па твары, усё роўна як хацеў сцерці ўспамін, які праступаў туманна з недалёкага мінулага, і толькі востра, быццам гэта зараз было, адчуў смак свежага агурка з грады... Ён усміхнуўся гэтаму ўспаміну, зняў тэлефонную трубку, набраў нумар.