Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 65

Алесь Жук

Успомніў яе перад натоўпам. Як жахліва глядзела яна на Сцяпанаў аўтамат! Няўжо не пазнала ці баялася, што ён застрэліць яе з рэўнасці? I ён тады не ведаў, што, ратуючы яе з малым, мабыць, уратаваўся і сам.

Усё ж і цяпер ажыло ў душы тое, маладое, тая крыўда, ці што, на яе за тое, што здрадзіла, выйшла за Яновіча.

Дзямідчык з палёгкаю ішоў па вуліцы, задаволены сабою.

Аднак да лясгаса, дзе было праўленне паляўнічага таварыства, Дзямідчык не надта спяшаўся. Дзярэчу ён ужо і пісаў пра паляванні з-пад машыны, і нават званіў з канторы. Дзямідчык ведаў, што гаспадарка ў Дзярэчы вялікая і што сапраўды, мабыць, у яго было больш важнага клопату.

Дзямідчык выстаяў даволі доўгую чаргу ля гастранома — прадавалі селядцы, а таму, калі прыйшоў да лясніцтва, сказалі, што Дзярэча выехаў на Заганавіцкае возера ганяць браканьераў і будзе толькі пасля абеду. I гэта не засмуціла Дзямідчыка. Ён спакойна выправіўся хадзіць па горадзе — агледзеў магазіны, абышоў базар, патаргаваўся, паглядзеў на цэны, у гаспадарчым магазіне напаў на цвікі, якімі прыбіваюць шыфер, і купіў; выпіў разліўнога піва і паабедаў у сталоўцы на базары, амаль што зусім так, як некалі, калі яшчэ дзяржаў мацёру, калі вазіў прадаваць парасят. Тое, здавалася, было даўно, базар пах ад вазоў дзёгцем, нагрэтым далёкаю дарогаю. Цяпер базар і разбудавалі, і абнавілі, панаставілі паветак, накрытых разнаколерным пластмасавым шыферам, але брук так і застаўся нечапаны, і таму было адчуванне, што нічога не змянілася.

Пяшком Дзямідчык зноў схадзіў у лясгас пасля абеду, застаў там Дзярэчу, белабрысага, чырванатварага і рослага мужчыну. Ён быў у гумавых паляўнічых ботах, у брызянтоўцы, вялікі і чужы за старым, з цыратавым верхам, двухтумбавым сталом.

— А, здароў... Дачакаўся? А мы толькі прыехалі. Знаеш, мінскія інжынеры цэлую схему выдумалі. Плывуць сабе на лодачцы з сачком — і як нічога не было... Накрылі і іх, і схему, і легкавічок. Але і паскудства, я табе скажу. Цэлы багажнік натрамбавалі і яшчэ мяшок цэлафанавы дабіралі!

Дзярэча аж сплюнуў, але быў вясёлы, што злавілі.

— Давай, які там нумар у цябе. Сам мог бы разабрацца, але калі да Яновіча дайшоў, давай, запішу, падключу аўтаінспекцыю. Канечне, Яновіч ім як накруціць хвост, да цябе больш не паедуць, у другое месца панадзяцца.

Ён запісаў нумар машыны, які запомніўся Дзямідчыку. Сцяпану здалося, што Дзярэча адразу ж здагадаўся, чыя машына ездзіла на полі, бо сказаў:

— Добра, я Яновічу далажу. А вот калонію баброў ты, Дзямідчык, не ўпільнаваў. Я думаў, што ў цябе там ніхто не падбярэцца. Слухай, Дзямідчык, як гляджу цяпер на гэтых гараджан... Ну, толькі ж, здаецца, з вёскі выехаў, а як дарвецца сюды, латошыць усё падрад — жывое і нежывое. I, гад жа, ведае, дзе ёсць, і не думае пра тое, каб каліва на развод пакінуць. Абы толькі драць, браць, грэбці. Жыў жа тут, у вёсцы, такое зайздрасці не меў.

— У нас баброў не гарадскія заглумілі. Начальнічкі свае. Яны не горш за гарадскіх.

— Ну, мы пра гэта гаварылі. Не зжыўся ты са старшынёй — гэта адно. Шапка тая яго бабровая законна куплена. Мы ж правяралі. Дарэмна ты на яго ўсё валіш.