Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 62

Алесь Жук

— А што, каб з-за аднаго ўсіх пабілі?.. 3 маёй унь трое!

— Назад!

Дзядзька не баяўся, што Дзямідчык пачне страляць. Страляць тут ніхто цяпер не мог. I Дзямідчык параненаю рукою паволі дастаў з чахла фінку, якая цьмяна і нядобра бліснула.

Дзядзька мацюкнуўся і адступіўся.

— Уставай! — загадаў Дзямідчык жанчыне.— Пайшла, ну, пайшла!

Дзямідчык чуў, як гудзе за ім нядобра натоўп, але не азірнуўся.

Ён павёў яе кустамі да пераправы. Яна ціснула дзіця да сябе, але не магла заглушыць яго крык.

— Лажыся, паўзі, чуеш, каціся, паўзі!.. А то правалішся... Там ідзі ў балота! Паўзі!

Сцяпан кінуў жанчыне альховую жэрдку.

Яна зацкавана глянула на яго, на тую дарогу, на якую ўжо пачалі накідаць галлё, але якую яшчэ не вымасцілі на самай сярэдзіне, дзе больш падлізвала лёд вада.

— Жэрдку вазьмі і паўзі!

Яна страшнымі вачыма глядзела чамусьці толькі на яго аўтамат. Яна не пазнавала ні голасу яго, ні аблічча. Ён ведаў, што пакідаць яе нельга...

Дзіця, здавалася, крычыць гэтак моцна, што аж баляць вушы. Пад аўтаматам ён пагнаў яе на лёд. I як толькі спыняўся ён, замірала ў жаху і яна. Так яны і паўзлі. Ён бачыў перад сабою яе хромавыя, добрыя яшчэ боты, голыя вышэй халяваў ногі.

Мякка прасядаў лёд, прамокла адзежа. Толькі на тым беразе яна ўстала. Спадніца была мокрая. Малога, закручанага ў посцілку, яна ўсё ціснула да сябе.

— Я Сцёпка, ты не пазнала мяне?

Ён ступіў да яе. Яна закруціла галавою — і ён не разумеў, пазнала ці не, бокам пачала адступаць, з жахам азіраючыся на Сцяпана, потым пабегла, тулячы да сябе малое...

Ззаду, за рэчкаю, глуха вухнуў снарад, нема закрычалі людзі. На перашыек выходзілі нямецкія танкі, за імі пырскала агнём з аўтаматаў пяхота...

У адчаі людзі кідаліся ў рэчку...

Больш ён не сустрэў Лену ні разу. Толькі часам, калі нудзіўся, калі ўспаміналася маладосць і на душы рабілася няшчасна, успамінаў яе. Але тую, на вечарынках, а не тую, якая паўзла па балоце, хаваючы пад кажушком дзіця. Ён нікому не гаварыў, але ў такія маркотныя часіны, як быў маладзейшы, верыў, што з ёю быў бы сапраўды шчаслівы, што яна вінавата... Потым, ужо старэйшаму, яму хацелася сустрэцца і паглядзець на таго, хто тады быў дзіцем...

***

...Дзямідчык спахваціўся, што зноў стаіць перад дзвярамі, на якіх напісана знаёмае яму прозвішча. Стаіць пасярод калідора і замінае людзям.

Сцяпан адчыніў дзверы і зайшоў у пакой. Перад тым як адчыніць іх, ён некалькі разоў далікатна пагрукаў костачкаю пальца, але нічога яму не адказалі, і ён зайшоў сам.

Сакратарка, чарнявенькая, каротка астрыжаная дзяўчына, нешта друкавала на машынцы, падняла галаву, паглядзела, але друкаваць не перастала.

На яго «дзень добры» толькі кіўнула галавою.

Дзямідчык патаптаўся на месцы і сеў на крэсла пры сцяне.

— У Пятра Іванавіча прыёмны дзень аўторак.

Дзяўчына адразу заўважыла, што Дзямідчык сеў, і перастала стракатаць на машынцы, паглядзела не на яго самога, а на яго карычневую сумку, якая разаслалася на падлозе і ў якой глуха грукнулі тры бутэлькі алею, на яго боты і галіфэ.