Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 61

Алесь Жук

***

Танкі, якія выскачылі з узгорка, білі па іх з кулямётаў і гармат. Яшчэ не сцямнела. На роўным вясновым балоце, якое зусім пусціла і куды танкі не маглі выйсці, адвячоркам людзі былі добра відны. Асколкам Дзямідчыка шмарганула па руцэ, неглыбока. Рука валодала, але і пякуча балела. Ад крыві быў цяжкі рукаў кажушка. Немцы раскаталі атрад папалам. Большая палавіна пайшла другім бокам ад лесу, і тым партызанам, хто апынуўся тут, было горш — яны не толькі забралі на сябе ўсю ўвагу нямецкіх танкаў: iм яшчэ трэба было, пераскочыўшы па вузкім перашыйку, потым цераз рэчачку, якая разбрыняла цяпер ад вады, перабрацца у вялікае балота, туды, дзе партызан больш і большая схова.

Самае страшнае было тое, што з групаю партызан апынулася многа жанчын і дзяцей. Немцы маглі перахваціць іх на перашыйку перад вялікім балотам і патапіць усіх, як кацянят.

Падганяць нікога не трэба было. Ад страху крычалі толькі малыя дзеці, калі блізка ўзрываліся снарады. Потым, калі Дзямідчык успамінаў тую блакаду, найперш усплывала, які чысты, светлы, з роўным тугім сінім небам стаяў надвячорак і якія роўныя абрысы танкаў былі на гэтым сінім фоне.

Было відно, як танкі зняліся і пайшлі наўкруг балота.

Ратунак заставаўся толькі ў вялікім балоце. Пачалі шукаць пераправу цераз рэчачку. Блізка недзе падыходзілі немцы, трэба было маўчаць, каб не выдаць сябе. У адным месцы, цераз рэчку, там, дзе ляжала зімняя дарога, яшчэ не прарвала лёд. Ён мокрым гурбаном стаяў цераз рэчку. Паступіў загад — ламаць алешнік, слаць яго на лёд.

3 бакоў па рэдкіх агеньчыках Сцяпан бачыў, што немцы няхай і паволі, але пакрысе падбіраюцца да перашыйка. Там было сушэй, не расло лесу, і з хмызу маглі падысці танкі. Добра, што гусцеў прыцемак і што немцы не бачылі яшчэ іх. Насустрач немцам выставілі заслон, але Сцяпан ведаў, што ў партызан амаль не асталося патронаў.

Людзі стараліся. I ў гэтай цішыні моцна плакала дзіця. Спачатку Дзямідчык не здагадваўся, адкуль гэты непрывычны голас. Дзіця на нейкае імгненне прыціхала, мабыць, маці старалася супакоіць яго. Голас гэты, здавалася, чуўся над усім балотам. Людзі азіраліся на яго спалохана і ціснуліся бліжэй да пераправы.

Дзямідчык пайшоў на голас.

У аблавушцы, перакручанай вухам наперад, стары дзядзька, сагнуты, як корч, наставіўшы вінтоўку, амаль пхаў перад сабою жанчыну. Яна, без хусткі, у расшпіленым кажушку, на каленях адпаўзала перад ім і ўсё прасілася:

— Дзядзечка, што ж вы робіце? Дзядзечка!..

— Ты кажушком яго, кажушком закрый і не пачуеш!..

— Дзядзечка, сыночак жа!.. Я жонка Яновіча!

— Кідай, дурная, а то і табе, і ўсім тут канец будзе. Бач, колькі з дзецьмі збілася? 3-за яго канец усім будзе! Жывая будзеш — народзіш яшчэ. Душы, а не — кідай. Ну!..

Жанчына ўсё круціла галавою, адпаўзала і не бачыла за сабою глыбокую яму з вадою. Там бы яна і пакінула малога.

— Назад! — Дзямідчык амаль пад самую бараду сунуў дзядзьку ствол аўтамата, і той адхіснуўся.— Назад, паскудства!..