Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 60

Алесь Жук

Ён спатыкнуўся вокам аб шкляныя вялізныя вокны гастранома за вуглом і з палёгкаю пачэпаў туды — паглядзець, што можна купіць дадому, галоўнае, не забыцца прывезці старой алею.

У гастраноме сонна шахала направа і налева мокраю анучаю па бетоннай падлозе прыбіральшчыца, сонна хадзілі і перагаворваліся, усё роўна як толькі павылазілі з пасцеляў, чыстыя і дагледжаныя прадаўшчыцы. Гэтаю сваёй дагледжанасцю і чысцінёй яны быццам аддаляліся нечым ад яго, вясковага чалавека. Даўно яно так павялося, што тыя, хто паехаў у горад, прыязджалі чыстыя і дагледжаныя. Гэтага хапала, каб зайздросціць і ім, і гарадскому жыццю. Праўда, цяпер ці то прывыклі да таго, што амаль з кожнае хаты ёсць у горадзе гараджане, ці таму, што і на сяле па-другому можна і адзецца, і жыць, усё часцей кідалася Сцяпану ў вока, што з горада маладыя хлопцы прыязджаюць як пакамечаныя якія, быццам там іх у нейкіх вальцах круцяць ці ў падваротнях качаюць.

Але тут, у райцэнтры, дзе, як ні круці, больш людзей вясковых, прадаўшчыцы былі адметныя.

Алею Сцяпан купіў аж тры бутэлькі. Хлеба яшчэ не прывезлі, ды і з напакаванаю хлебам сумкаю было не з рукі хадзіць па начальству.

Пасля магазіна Сцяпан яшчэ крыху патаптаўся на мокрай, нейкай разгубленай, прытуманенай восеньскай вуліцы, дзе ўжо быццам і непатрэбна свяціліся сіняватыя вулічныя ліхтары, чужымі зялёна-чырвонымі вачыма глядзелі на пустых перакрыжаваннях святлафоры.

Ля пад’ездаў і аднаго, і другога будынкаў пачыналі з’язджацца машыны, курылі ля іх і моцна параготвалі шафёры.

Дзямідчык пастаяў і пайшоў у новы будынак — там усё ж павінна быць начальства больш сур’ёзнае.

Пакуль збіраліся людзі ў ранішняй мітуснечы, Сцяпан пачаў абход з першага паверха, каб паглядзець будынак. Яшчэ ён спадзяваўся, што сустрэне некага з тых, каго ведаў і сустракаў, калі бываў некалі на нарадах, хаця начальства мянялася і мяняецца часта, маладыя прыходзяць.

Будынак кіславата пах тынкоўкаю, нявыветраным, спёртым за ноч духам фарбы.

Дзямідчык ішоў па калідоры, чытаў пад шклом надрукаваныя вялікімі літарамі на белай паперы шыльды загадчыкаў, намеснікаў, інструктараў. У канцы першага калідора на першым паверсе наткнуўся замест стандартнае шыльды на больш кароткую з аднае літары. Пакуль ён завярнуўся пайсці, з-за дзвярэй заклапочана выскачыла завітая, у чорным касцюме жанчына, строга глянула на яго, і Сцяпан толькі гмыкнуў з самога сябе і пайшоў на другі паверх.

На апошнім паверсе, як толькі выйшаў з лесвіцы на калідор, яго спыніла знаёмае прозвішча — Яновіч. I дзве вялікія літары: П. I.— Пётр Іванавіч, ці Павел Іванавіч, ці Ігнатавіч... Іван Яновіч!

Дзямідчык прывычна пайшоў па калідоры, але ўжо не прыглядаўся да шыльдаў, прабягаў вачыма. А што, можа быць, што Іванаў сын ужо начальнік. Можа. Калі той, то даўно можа быць начальнікам.

У канцы калідора, да шырокага запацелага акна пакамечаным і мокрым асеннім лістом прытульваўся клён. Дзямідчыку, калі гэтак блізка ўбачыў мокры ліст і набрынялае ад дажджоў голле, здалося, пачуў гнілаваты пах балота.