Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 59

Алесь Жук

***

Пра гэта Сцяпан нічога не ведаў.

Паехаў ён дадому назаўтра. Сыну пакінуў усе свае скаргі, напісаныя на паперы ў вучнёўскім сшытку.

Сын знасіў той сшытак да былога аднакурсніка ў газету. Той пачытаў. Папытаўся, што было ў Лёневага бацькі са старшынёй.

— Бач, і сам кажаш, што стары троха прыдзіраецца. Тут прыватнае замешана. Можа, паглядзім, будзе агульны матэрыял пра прыроду, на падвёрстку пусцім.

Але, мабыць, матэрыялу такога не было, і клопат у таго чалавека ў рэдакцыі быў такі ж, як і ў Лёні.

Некалькі тыдняў Дзямідчык чакаў пісьма. Але так нічога і не пачуў. I тады зразумеў, што дарэмна ён ездзіў да сына шукаць праўду.

Цяпер Дзямідчык ведаў, да каго яму трэба ехаць.

ХІІІ

У аўтобусе было цесна. Перад самым горадам ён напакаваўся так, што шафёр мусіў упіхаць пасажыраў, каб зачыніць пярэднія дзверцы. Людзі спяшаліся ў горад на работу. Сцяпан сядзеў, прыціснуты дзябёлаю крутаплечаю маладзіцаю, нашыкаванай духамі і пудраю гэтак, што аж круціла ў носе і хацелася чыхнуць, як сабаку ад табакі.

Сцяпан даўно нікуды не выязджаў з вёскі, яшчэ радзей ездзіў у аўтобусе — калі быў брыгадзірам і трэба было ў раён, то дабіраўся на калгаснай машыне.

У горад спяшалі маладыя і сярэдняга веку людзі. Падумалася, што цяпер сама работа, што трэба дабіраць бульбу, што толькі пачалі церабіць буракі. Усе едуць у горад... А да іх за сто кіламетраў рабочых папрывозілі, з завода, ад сем’яў. Бульбу выбіраюць. Ужо каторы год. Бабы цяпер і моды не знаюць хадзіць у поле — прыедуць студэнты ці рабочыя. Гэта стала іхняю работаю. Буракі, дзе па нормах размерана, трэба самім выбіраць, гэта не на студэнтаў, не на рабочых, таму што і бурачніку карове трэба, сена даюць тым, хто робіць на бураках, накасіць.

Сцяпан глядзеў за акно аўтобуса, запацелае так, што аж бралася вільгаць у кроплі і сцякала рагамі. За шклом туманна і мокра шарэлася раніца, прывялая і белая ад расы, бы патаптаная, ляжала прыдарожная трава. Глуха, брудна і мокра было, як і заўсёды, калі пачынаецца глухая восеньская пара.

I ад таго, што пачаў думаць пра работу, што тут кругом ехалі, спяшалі на работу людзі, неяк не па сабе было, усё роўна як заняў ён тут чужое месца, робіць альбы-што. I чым бліжэй пад’язджаў да горада, тым менш рабілася і тае злосці, і дурное ўпартасці, з якою выбіраўся ехаць. I яшчэ было адно — не ведаў, да каго трэба ісці, каб было надзейна, каб ніякі там чыноўнік не мог выкруціцца ці адкруціцца, каб было сказана і зроблена.

Цяпер, калі ўспамінаў пра работу, пра тое, што і ў начальства зараз другі клопат — не пра таго зайца, якога нехта ганяе на полі, а пра ўборку,— упэўненасці паменшала. I настырацца да начальства выходзіла як і не з рукі ўсё роўна...

Але варочацца не было як, трэба было ехаць.

У горадзе выйшаў Сцяпан з аўтобуса ў цэнтры.

Людзі прывычна спяшалі. Дзямідчыку не было куды спяшаць. Яшчэ не было дзевяці. Ён пастаяў на плошчы, прымяркоўваўся, як прабавіць час, і загадзя прыкідваў, куды лепш зайсці: ці сюды, у стары двухпавярховы будынак, дзе ад самае вайны і было ўсё раённае начальства, альбо цераз дарогу, у новы, цяперашні, са шклом, у чатыры паверхі. У старым ён бываў больш, і як рабіў брыгадзірам, больш заходзіў. Новы быў і непрывычны — на паверхі высока хадзіць трэба было.