Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 56

Алесь Жук

— Як, дзядзька, раскулачыў?

— А так. Прыехаў, запруду раскапаў, каб вада сышла, а баброў пабіў. Адзін толькі, запаролі яго палкаю, астаўся пад карэннямі здохлы. Я, Лёня, таму і прыехаў. Я тут усё напісаў. Пара гэтага панка прыціснуць як след! Яму шапку бабровую захацелася!

Сцяпан адчуў, як лёгкая звонкая злосць забірае яго. Цяпер яму трэба было даць на вочы Прымачака, ён бы расправіўся з ім.

— А чаму вы думаеце, што ён? Ну, пасварыліся вы з ім, на пенсію пайшлі. А бабры...

— Адкуль жа ў яго шапка? 3 ката перакрасіў на бабра? Ты не думай, твой бацька не такі дурны! Ты мне толькі памажы...

— Дзе ж я...— пачаў быў Лёня, але сціх. Ён хацеў сказаць, што ні загадаць, ні даць каманду ён не можа. I невядома, на каго скардзіцца, і нельга вінаваціць толькі старшыню, на якога бацька мае вока.

Але Віця ў пору непрыкметна шмаргануў яго за руку — маўчы.

— Правільна кажа бацька. Цяпер там, на месцах, гэтыя старшыні пасталі, як удзельныя князькі — што хачу, тое і раблю. I ніхто не паправіць. Вы, бацька, пакіньце нам усё, што запісалі, а Лёня сам тут разбярэцца, як лепш гэта перапісаць і куды паслаць, у газету ці так куды. Давайце яшчэ пакрысе.

Сцяпан выпіў і пачаў гаварыць, як ездзяць на машынах, як ганяюць зайцоў, як рэжуць іх, жнучы, як труцяцца яны ад хіміі.

Віця згодна ківаў, устаўляў сваё слова і адначасна гаварыў пра нешта з Лёнем.

Сцяпану яшчэ хацелася і выпіць, і пагаварыць з Віцем, расказаць пра тое, што робіцца ў вёсцы, пра што ў яго за многа гадоў набалела на душы.

Але вярнуўся з гасцей Ігарок, пабыў на каленях у бацькі, у дзядзькі Віці, у дзеда, неахвотна перад мацераю пайшоў мыцца на ноч і ўжо ў адной піжамцы, жоўценькі, пушысты, як куранё, пацягнуў Сцяпана за сабою — расказваць на ноч казку.

Сцяпан мусіў устаць з-за стала і толькі тады, як стаў на ногі і пачуў, што яны не вельмі хочуць яго слухаць, зразумеў, што выпіў ён мнагавата, што больш піць яму нельга.

— Ты ідзі, унучак, кладзіся, а я пайду памыюся і прыйду расказваць табе казку.

У ваннай Сцяпан доўга мыў твар і мачыў голаў халоднаю вадою, пакуль не здалося яму, што крыху праяснела ў галаве.

Ігарок ужо ляжаў у пасцелі і чакаў.

— Дзед, а на лета ты возьмеш мяне? Я ўжо вялікі буду, і мама мяне пусціць на цэлае лета.

— А як жа... Там будзем у лес хадзіць па ягады, у грыбы, рыбу на возеры лавіць будзем. Я цябе плаваць навучу, і ты будзеш плаваць, як рыба.

— I вудачку мне купіш. Не, не вудачку, а такі сачок, як у дзядзькі Віці... Мы будзем плыць на лодцы, а рыба сама ў сачок будзе налазіць. Поўны мяшок!

— Пра сачок я не ведаю, а вудаў у мяне аж пяць. На ахвоту мы з табой пойдзем, я табе пакажу, як прылятаюць жураўлі. Вялікія, харошыя, стаяць у полі, а потым кружацца высока-высока. Сонца, восень, ралля сухая, а яны ўсё кружацца, усё крычаць, аж пакуль з воч не прападуць... Хочаш, я і казку табе раскажу пра жураўля?

— Хачу.

— Даўно было гэта. Маленькае сяло наша было, возера вялікае, а за возерам лес і балоты пачыналіся. Вось з-за тых балотаў, з таго краю зямлі прыляталі пасля Іллі на бераг возера шэрыя птушкі жураўлі. Прыляталі, за чаротам садзіліся... А жыла ў аднаго ўдаўца прыгожая дачка, такая харошая, што і канца-краю няма. Усё ў руках у яе гарыць, а яна толькі песеньку спявае. Гаспадыняю яе ўсе звалі, бо і дачкі лепшае, і лепшае гаспадыні на ўсю акругу не было.