Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 47

Алесь Жук

— Як гэта граза будзе? А пшаніца яшчэ не прыбрана за грэбляю!

Старшыня кінуў лыжку на стол, падхваціўся на ногі.

— Пшаніца сырая яшчэ, старшынька, палуднуйце. Сцяпан сам ведае.

— Сцяпана няма, Сцяпан на базар паехаў! А ты, стары, мяне не падманвай, у цябе, дзед, стары дух яшчэ чуцён!

Старшыня пагразіў пальцам, выскачыў на вуліцу да свайго засядланага канька. Праз паўгадзіны ён тарабаніў з поля жанок і мужчын — каб запрагалі коней і звозілі ў гумно пшаніцу. Той, хто спрабаваў абразуміць і ўгаварыць старшыню, называўся агентам імперыялізму, падкулачнікам, па якім плача Сібіра. Так старшыня і гаварыў — Сібіра, а тады гэтае слова было не дужа ў пашане, і нікому не хацелася быць «урагом народа» і ехаць да тае Сібіры. Старшыня насіўся па полі, пазіраў на хмары, якія збіраліся над лесам,— ён усё роўна як камандаваў боем.

Сцёпка тады ўсё ж выйшаў да самага лесу, каб сустрэць бацьку і хоць крыху пад’ехаць з ім дадому. Ён не ўтрываў, пахваліўся, што пшаніцу звозяць з поля і да дажджу, мабыць, успеюць.

— Якую пшаніцу?

— Тую, што за грэбляю.

— Хто сказаў вазіць?

— Старшыня.

Бацька больш нічога не пытаўся, шмаргануў лейцамі, лізгануў каню па рэбрах і паляцеў да вёскі.

Мужчыны спыніліся, як угледзелі, што брыгадзір ляціць цярэспаля на вазку.

— Вы што, мужчыны, з глузду з'ехалі? Яна ж за ноч згарыць, вы што, не бачыце?

— Бачым, чаму ж не?

— А чаго ж возіце? Вы сваё б такое паклалі ў стоўп?

— Старшыня нам загадаў.

— Як вам не брыдка, дзядзька Тарас? Старшыня! Сказаць яму не маглі?

— Казалі, а ён на мяне гідра — крычыць. I ўсіх, кажа, у Сібіру, як урадзіцеляў, адпраўлю.

— Скідайце ўсё, што на вазах, і да гумна: выкінуць тое, што састаранілі, а то за ноч згарыць пшаніца!

Наронскі з-пад гумна ўбачыў, што мужчыны пачалі скідаць снапы з накладзеных вазоў, і прыляцеў на поле як у кавалерыйскай атацы — прыпаўшы да грывы каня.

— Не смець урадзіцельствам займацца! Граза будзе! Снапы трэба ў гумно звозіць, калі граза ідзе! Ты, Сцяпан, займаешся ўрадзіцельствам! Ты пайшоў на повадзе ў падкулачнікаў!..

Сцяпанаў бацька маўчаў, пакуль старшыня гарцаваў вакол яго на кані, пакуль выгаварыў пра гідру міравога капіталу, паказваючы больш на дзядзьку Тараса. Калі ён крыху астыў, Сцяпан сказаў, каб старшыня ехаў з ім у гумно, там ён яму нешта пакажа. Старшыня паехаў паперадзе вазка, усё падварушваючы свайго коніка. Калі прыехалі ў гумно, брыгадзір падвёў старшыню да стараны, сунуў руку пад ніжнія снапы.

— Давайце і вы памацайце,— прапанаваў ён старшыні.

Той таксама ўсунуў руку ў снапы.

— Ну што, цёплыя?

— Цёплыя.

— А за ноч што будзе? Згарыць к чорту наша пшаніца, во тады паспрабуй дакажы, на якую гідру хто ваду лье,— прыпужаў старшыню бацька.

— А што цяпер рабіць, Аляксеевіч ?

— Мужчыны зараз прыедуць, выкінем з гумна, пад страхою расставім...

— Ну добра, ты тут камандуй... А мне, знаеш, брыдка. Я падумаў, граза ідзе, хаваць ураджай нада.