Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 45

Алесь Жук

Гледзячы, як плаваюць вечарам па возеры андатры, Сцяпану захацелася паглядзець, як жыве той бабёр, якога ён абараніў ад сабакі і які зрабіў тут паселішча. Сцяпан выбіраў месячныя ночы, адзяваўся ў плашч і фуфайку і ішоў у засаду.

Жонка трывожна паглядала на яго — ёй здавалася, што са Сцяпанам робіцца нешта ненармальнае, але сказаць пра гэта не адважвалася, толькі наказвала:

— Ты б хоць вуды ў рукі ўзяў. А то яшчэ скажуць, што, як той Андрэйка, здурнеў і на рэчку раніцаю бегаеш.

— Сама ты Андрэйка!

Сцяпан не хацеў слухаць. Андрэйка, васьмідзесяцігадовы дзед з суседняе Вужы, наглядзеўшыся, што сын, прыязджаючы з Ленінграда ў водпуск, бегаў кожнае раніцы і расціраўся халоднаю вадою з канавы, узяў сабе за моду гэтаксама бегаць і мыцца. Таму можна было яго сустрэць і перад самымі замаразкамі на беразе канавы, сівога і голага. Андрэйка рабіў зарадку, махаў рукамі, потым мыўся халоднаю вадою і расціраўся. Гэтак гартаваўся ён два гады, а на трэці памёр — ад запалення лёгкіх.

Бабра Сцяпан цікаваў мо з месяц, пакуль прыгледзеў, як той плавае на плёсе, як сядзіць на беразе. Туманок быў, замінаў Сцяпану, але ён радаваўся, што выцікаваў, што падгледзеў, і дома жонцы расказваў, як ён і з вады выходзіў, як і плаваў, як і сядзеў на беразе.

Жонка толькі ківала галавою — Сцяпан не заўважаў гэтага.

Хто яго ведае, можа б, так і далей пайшло яго жыццё. Сцяпан збіраўся купіць калоду пчол, развесці сваіх, дасадзіць маладога саду, каб не Антось, які ўсё гэтак жа сядзеў на сваёй лаўцы:

— Вот зарабіўся, няма табе калі і прысесці. На калгаснае так не бегаў, як на сваё бегаеш, ні дня, ні ночы няма. Цяпер жа палёгку далі гадаваць дома і свіней, і ўсяго, то цяпер ты як фабрыкант станеш. Праўду кажуць, што будзеш яшчэ адзін хлеў будаваць? Жогла ўжэ пачынае. Хату ж лепшую, чым у Жоглы, ужэ выгледзеў, то і хлеў трэба рабіць. А то ўсё бегаў, як некалі той Наронскі.

— Ну, ты Наронскага не чапай. Ён не табе раўня. Сядзі, пакуль сядзіцца, пільнуйся, каб с... не прэла!

Але сказанае запала ў душу Сцяпану. Пасля гэтага яму як урэзала — не мог узяцца ні за якую работу дома. Не выходзіў з галавы Наронскі.

***

Запомніўся ён Дзямідчыку надзіва рослым, худым з твару, вусатым і з люлькаю. У вёсцы люльку курыў толькі дзед Аляксей, таму дзіўна было, што малады яшчэ мужчына курыць люльку. Хадзіў Наронскі ў чорным галіфэ з некалі жоўтымі леямі, зашмальцаванымі да чорнага, у суконнай чорнай гімнасцёрцы, падпяразанай папругаю, з вечна белым, свежападшытым падкаўнерыкам. Кожны раз, калі заходзіў у хату, распранаўся: восенню і вясною ён насіў шынель, зімою парыжэлую бравэрку — Наронскі акуратна разгладжваў гімнасцёрку пад папругаю.

Яшчэ запомнілася Сцяпану, што рукі ў старшыні былі вялікія, як лапаты. Цяпер ён не памятае, адкуль і як з ’явіўся ў іх вёсцы Наронскі, мабыць, ён быў адзін з тых, каго пасылалі арганізоўваць і мацаваць калгасы.

Людзям у Альховых Крыніцах Наронскі запомніўся найбольш тым, што амаль не ведаў гаспадарку, затое меў многа энергіі і адданасці рабоце, а таксама не мог цярпець ніякую крамолу.