Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 46

Алесь Жук

Сцяпану ён запомніўся асабліва, можа, таму, што памяць у дзіцяці моцная, можа, таму, што яго ўразіла тое, што ён пазней пачуў пра былога старшыню, ужо калі сам быў у партызанах і на смех хлопцам расказаў, адкуль пайшла прымаўка пра Наронскага, якая ў іх вёсцы жыве дагэтуль: калі хто адкладвае работу назаўтра, то яму гавораць: «Ты, як той Наронскі — адкладзі, Маруська, назаўтра, мяне сёння на бюро выклікаюць!» Мабыць, і не выдумка гэта, так яно і было. Вясною, у самую распуціцу, прыйшла пара радзіць жонцы старшыні. Вось тады і разгубіўся баявы старшыня, папрасіў яе: «Адкладзі, Маруська, назаўтра, сёння мяне на бюро выклікаюць!» Асядлаў свайго сівага коніка і паехаў на бюро. Жонку завозіў у бальніцу Марозаў бацька — у іх стаяу на кватэры старшыня. І нарадзіла тады старшынёва жонка яшчэ аднаго сына, як казаў сам Наронскі, каб было каму душыць гідру міравога капіталізму.

Бацька Сцяпанаў пры Наронскім быў брыгадзірам у калгасе, і таму старшыня часта прыходзіў пасядзець да іх вечарам, асабліва восенню, калі вечары былі доўгія. Бацька са старшынёй вечарам пісалі нарады. Яшчэ любіў Наронскі заходзіць да брыгадзіра, бо ў таго, аж ад самых дажынак, заставалася закупленая гарэлка. Грэшны быў кадравы рабочы, гутнік, былы чырвонаармеец — любіў выпіць чарку.

Сцяпан з печы бачыў і чуў, як вячэралі бацька са старшынёй, і тады Наронскі здаваўся не такі грозны і страшны.

— Ты, Сцяпан, чэсны чалавек. Ты як рабочы, ты сельскі рабочы, наша костка. Я табе давяраю цалкам. Але тут палавіна...

Старшыня не дагаворваў, махаў сабе нерад носам пальцам, потым паўтараў шматзначна:

— Дробнабуржуазнае балота!

Бацька падліваў яму гарэлкі.

— Ты знаеш, Аляксеевіч, я ў сельскай гаспадарцы не бяльмэ. Ты прыйшоў бы да мяне на гуту, я б табе паказаў, што Наронскі ўмее і як умее.

Старшыня пакручваў перад сабою рукамі, быццам іграў на дудцы, і вочы яго загараліся.

— Я, Аляксеевіч, пятнаццаць гадоў на гуце аддуў... Шкода толькі, лёгкія выдуў. Туберкулёз у мяне. Але ты не думай, што калі я ў гаспадарцы ні бяльмэ, то я парційную лінію не знаю. Я калгас наш прама на маяк выведу, не дам з дарогі скрывіць ні на грам! Ты так сваім мужычкам і перадай, што Наронскага не правядзеш!

Старшыня пыхкаў люлькаю, вочы яго гарэлі, але ён быў не страшны, нечаму і праўда хацелася верыць, што калгас ён павядзе і нікуды не саступіць з нейкае тае лініі, якая была вядома толькі яму.

— Ну, давай, Аляксеевіч, паказвай нарад!

У нарад ён звычайна не ўдаваўся, а думаў пра нешта сваё, пыхкаў люлькаю і нязлосна ўсміхаўся.

Але Сцяпан, памятае, баяўся старшыні, калі сустракаў дзе на вуліцы, гэтак жа, як пабойваліся яго і ўсе мужчыны ў вёсцы.

Сама ішло лета, сама жніво ў разгары. Ля лесу, на бліжнім полі стаяла зжатая пшаніца. Была якраз нядзеля, і Сцяпанаў бацька адпрасіўся ў старшыні з’ездзіць на базар. Дарэмна малы Сцёпка прасіўся з бацькам — той не ўзяў яго, а сам паехаў на базар на старшынёўскім вазку. Праехаць на ім і хацелася малому.

Пасля абеду над лесам усталі першыя воблакі — грудастыя, як падушкі. Яны пакрысе пачыналі цямнець — у Альховых Крыніцах ведалі, што калі з таго боку пачынаюць уставаць такія воблакі, то рэдка калі бывае без дажджу і без навальніцы. Пра гэта і сказаў стары Мароз, калі старшыня прыехаў на полудзень.