Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 17

Алесь Жук

Прымачак уздыхнуў. Ён часта цяпер думаў, што дарэмна пайшоў старшынёй. Ён інжынер сам. У яго была добрая работа — саўгас, дзе ён працаваў, быў перадавы. Зарабляў добра, меў двух механікаў у памочніках.

Праўда, усё ж хадзіць інжынерам не тое што быць самому гаспадаром. Ды і заработак усё ж. I не толькі заработак. Пра гэта ведалі нямногія — на садовай вулачцы ў райцэнтры Прымачакаў бацька будаваў сабе хату. Цагляны дамок у два паверхі, з паравым абагрэвам, з гаражом, з душавою пад нізам, з гарадскою каналізацыяй. Дом будаваўся роўна і дабротна — старыя жылі ў хатцы побач, з іх хапала яе, а Прымачаку надта спяшаць было не варта.

Пасля сённяшняга бюро, па тым, як гаварыў з ім сакратар, Прымачак зразумеў, што пакуль што яго з работы не будуць адпраўляць — ёсць яшчэ і горшыя гаспадаркі.

Каб яму пашанцавала, каб не папаў на зуб з самага пачатку, то сядзеў бы ціха, як і іншыя сядзяць. А калі ўзялі на заметку... Цяпер на яго наслалі маладога ачкарыка — новага рэдактара раённае газеты. Дай дурню маліцца, ён і лоб паб’е. Распісаў дарогі ў калгасе, камбайны пад дажджом. А дарогі не горшыя, чым ад калгаса да раёна, гэтая, па якой едуць. Тут зерня больш натрасуць, чым у яго на полі. I пакуль тое жніво, возьме Прымачак на дзень машыны, падвязуць зноў пяску, пазасыпаюць ямы.

Прымачак успомніў, як дакладваў рэдактар і ўсё падпіхаў адным пальцам на носе акуляры, каб не скінуліся. Нават члены бюро і сам сакратар непрыкметна ўсміхаліся з яго мітынгавання. Аднак вымову далі, каб другім навука была.

Прымачак усміхнуўся: вось будзе гэты рэдактар яшчэ чакаць у чарзе кватэру, а ён перабярэцца ў свой дом, будзе ездзіць, як і рэдактар, на службовай машыне і прысутнічаць на гэтакіх жа самых бюро...

— Аляксандравіч, дак, можа, да доміка заедзем? — пытаўся Пікуза, калі насустрач паказаўся замглёны прыцемкамі і дажджом лес.

— А ў цябе ёсць што?

— Знойдзецца, бо і я цэлы дзень галодны, і вы...

Шафёр толькі ўхмыльнуўся сам сабе — Пікуза і зранку, і перад тым, як ад’язджаць з горада, заходзіў у сталоўку.

— Давай, Віця, звярні, чорт з ім! Ніхто за нас нашу работу не паробіць, тым больш тыя, хто толькі і ўмее, што вымовы даваць.

Машына звярнула з гравійкі на зарослую зеллем вузкую палявую дарогу, паволі пагойдваючыся па лужынах, паехала да лесу. У ім было мокра, здавалася, што дождж цёк не з неба, а з ігліцы, з лісця.

Віця завярнуў, што аж драпнула галлём па брызенце, на вузкую лесавую дарогу, і хутка машына апынулася на другой, шырокай, утравянелай. За ўзгоркам, збоч дарогі, за густым зараснікам маладых ліп стаяў так званы домік — збітая з дошак будыніна з закратаваным акенцам. Домік гэты зрабілі сабе паляўнічыя.

Пакуль Прымачак сядзеў у машыне, Пікуза ссутуліўся, выбег пад дождж, адамкнуў вялікі вісячы замок.

У доміку стаяў збіты з дошак стол, паўз сцяну былі зроблены шырокія, як нары, дашчаныя лаўкі. На іх было ўскінута цяперашняга сена.

У кутку ляжаў маток вяроўкі з чырвонымі сцяжкамі.