Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 45

Анатоль Крэйдзіч

Максім Максімавіч запаліў.

«Я пачаў ужо рабіць накіды да артыкула, як раптам пазваніў скаржнік і, паўтарыўшы разоў дзесяць слова «прабач», папрасіў нічога не пісаць. Але чаму? Аказалася, хутка адбудзецца суд і ягоную маёмасць вернуць. Як і трэба было чакаць, маёмасць яму вярнулі, хоць і не ўсю. Што ж да артыкула, дык ён, нягледзячы ні на што, з'явіўся і меў вялікі поспех.

У свой адрас я пачуў нямала кампліментаў, прычым не толькі ад сваіх знаёмых. Але ў дзень выхаду газеты быў і званок зусім іншага кшталту. Нехта на другім канцы провада зласліва прасіпеў: «Слухай мяне, вырадак. Ты сёння дахаты не дойдзеш». І я, азіраючыся, краўся да свайго дома па завуголлях. На наступны дзень званок паўтарыўся: «Дарэмна хаваешся, мярзотнік, ад нас не ўцячэш».

Максім Максімавіч сядзеў нерухома. А ў попельніцы курчыліся ў недарэчных позах тры свежыя акуркі.

«Гэты другі званок быў учора. А сёння — снежка ў акно. Гэтак моцна саданула, быццам атрымаў добрую аплявуху. Каго ж я пакрыўдзіў сваім артыкулам?.. Ведама — яе. А голас жа ў трубцы быў мужчынскі. І снежку гэтак моцна ўляпіць у шкло сваёй выпешчанаю ручкай яна не змагла б. Затое змаглі тыя боўдзілы, з кім яна вадзіла кампанію.

Значыць, помсцяць за яе. І калі так, дык гэта яшчэ не самае страшнае. Куды страшней, калі я, пішучы артыкул, выпусціў з-пад увагі нейкую важную акалічнасць, нечага не ўлічыў. Можа, занадта мелка капнуў праблему і гэтым самым незаслужана пакрыўдзіў гераіню артыкула? Відаць, так яно і ёсць. Тут усё вельмі проста... Як жа я адразу не дапяў: яна, гэтая ветраная афіцыянтачка, і не думала займацца мужавай маёмасцю. Не мяшочніца яна, не «анучніца», як ахрысціў яе ў атрыкуле. Натура не тая, склад розуму іншы. Ёй проста закарцела правучыць свайго мужа, які, з яе пункту гледжання, калоціцца над кожнаю капейчынай, кожнаю анучай... Эх, ёлупень, не дапяў. А цяпер во расплачвайся. І правільна. Так мне і трэба».

Вынесшы сабе прысуд, Максім Максімавіч з нейкай нават палёгкаю пакінуў кухню. І якраз у гэты момант яго запыніў званок у дзверы. «Ну, вось і развязка... Усё складваецца, як ён таго і чакаў... На ўсялякі выпадак зірнуў у вочка. «Го-о, ды гэта наш Васька Тупаў!» Крыху расчараваўшыся, што расплата зноў адкладваецца, паспяшаўся адчыніць дзверы.

— Заходзь, намеснік рэдактара па фотаілюстрацыях плюс заўгар. (Васіль працаваў у рэдакцыі фотакорам і на паўстаўкі вадзіцелем «Нівы», быў хлопцам у дошку сваім, і з яго пасад любілі пакпіць.)

— О, ты ўжо і апрануты. А я думаў, чакаць давядзецца. Пайшлі хутчэй. Шэф пасылае нас на разборку адной справы.

— Дык жа субота.

— Хіба першы раз?

— Іду.

Калі яны ўжо імчалі на старэнькай «Ніве» некуды на ўскраіну горада, Васіль хітра, па-змоўніцку зірнуў на Шагалевіча і чамусьці ні з таго ні з сяго зарагатаў.

— Здурнеў.

— Ты чаму такі бледны? Мо хто напалохаў, вунь твар як выцягнуўся.

— Э-эх, братка, сам я сябе і напалохаў. — Вырашыў выгаварыцца — мо лягчэй стане.

— Як гэта?

— Памятаеш пазаўчарашні артыкул пра развод?

— Ну. Пытаеш яшчэ.

— Не разабраўся я там да канца — дроў наламаў. Цяпер во нехта расплатай пагражае.