Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 44

Анатоль Крэйдзіч

...Быў першы дзень вясны. Пра гэта сведчылі хіба што лісты календароў. На вуліцы ж яшчэ панавала зіма. Ляжаў досыць тоўсты пласт снегу і дзьмуў такі сцюдзёны вецер, што калі б гэты снег не быў мокрым, ніяк без завеі не абышлося б.

Шагалевіч на канечным прыпынку саскочыў з аўтобуса апошнім. Людзі хутка паразбягаліся хто-куды, а ён яшчэ крыху пастаяў, калі шалёны парыў ветру апёк твар, схамянуўся. Бляклыя вочы пасвятлелі, вусны варухнуліся — вецер падхапіў ледзь чутную фразу: «Ат, ёсць у жыцці і радасць, не адно толькі гора». Выраз жа твару быццам бы дадаваў: шчасце ўжо ў тым, што я жыву, бачу дамы, раўнюткія шыхты таполяў, кармушкі для птушак, адчуваю дотык ветру, іду, баючыся паслізнуцца і ўпасці.

Ён праверыў дзіравыя кішэні — ці ўсё там на месцы: пакратаў кашалёк, скамячыў праязны квіток і выкінуў яго ў сметніцу, пальчаткі... А вось адной пальчаткі не было. Азірнуўся — нідзе не відно. Подбегам вярнуўся да аўтобуса (на канечным ён стаіць доўга), падышоў да свайго месца, дзе сядзеў і, убачыўшы патрэбную рэч, уздыхнуў з палёгкай.

* * *

«Чортава сямейка. Трэба ж было звязацца з ёю. Тут у сабе паспрабуй разбярыся, не тое што ў чужой сям'і. Дык жа — павучаць палез».

Шагалевіч жыў адзін — сям'і не завёў, часу не было — на чужыя праблемы патраціў. Адчыніўшы халадзільнік, дастаў яйка, адламіў кавалачак нарачанскага сыру, пачаў есці.

На ім быў цёмны, паношаны гарнітур, блакітная сарочка і сіні гальштук.

«А ўсё ж... Як трэба было зрабіць?.. Але давай, Максіме, пракруцім з самага пачатку... Злашчасны недарэка-скаржнік завітаў да Івана Іванавіча. І той стары мудрэц адфутболіў яго да мяне: маўляў, Максімавіч якраз займаецца сацыяльнай абаронай асобы, ён і разбярэцца. Але ж якая тут сацыяльная абарона, калі гаворка — пра абарону ад уласнай жонкі. Ды пойдзем далей. Госць паведаміў, што пакуль ён ляжаў у бальніцы, жонка павывозіла з хаты ўсё дашчэнту і падала на развод. Плакаўся: з ім паступілі вельмі жорстка, несправядліва. Здаецца, я вагаўся, ці брацца за гэтую справу, але ён вельмі прасіў. Ды яшчэ й быццам бы незнарок падхваліў — сказаў, што сам ён ніколі не дадумаўся б прыйсці ў рэдакцыю — сябры па палаце параілі, запэўніўшы, што няма больш справядлівай інстанцыі за газету. І ён здаўся. Пайшоў па суседзях, пагаварыў з цесцем, сустрэўся з жонкаю. І сапраўды, нават родны бацька тае нахабніцы характарызаваў майго наведвальніка як чалавека гаспадарлівага і працавітага. Пра яе ж, былую афіцыянтку рэстарана, якая паўгода таму падпала пад скарачэнне і дагэтулуь нідзе не ўладкавалася, гаварылі толькі дрэннае: і выпіць не супраць, і паліць, і з кампаніямі сумніцельнымі водзіцца. Карацей, склалася ўражанне, быццам яна для сямейнага жыцця зусім непрыдатная. І гэта пацвердзілася пад час сустрэчы з самою віноўніцаю. Сімпатычная, хоць і паўнаватая, бландзінка; яна нават і не збіралася апраўдвацца. «Няхай пабегае, патрасецца, дробязнік смярдзючы», — зласліва ўсміхнулася і абыякава махнула рукой, тым самым даючы зразумець, што размова скончана».