Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 32
Анатоль Крэйдзіч
Спусціўшыся па гулкай прасторнай лесвіцы ў аздобленае каляровай мазаікай фае, адчыніў масіўныя высачэзныя дзверы і... аказаўся сведкам, а хутка і ўдзельнікам не вельмі прыемнай сцэны: двое міліцыянтаў праганялі ад рэстарана маладую жанчыну ў залішне кідкай апратцы і з не меней кідкімі, аголенымі нагамі, а тая даводзіла ім, што зараз выйдзе яе муж і толькі разам з ім яна пойдзе дахаты.
Я толькі паспеў прычыніць за сабою масіўныя дзверы, як апынуўся ў самым цэнтры разборак.
— Ну, я ж казала вам — зараз паявіцца мой муж. Во ён, яшчэ цёпленькі. Калі хочаце, пазнаёмцеся, а лепей не трэба.
І незнаёмка ўпэўнена скіравала да мяне, схапіла за рукаў, падміргнула праз вялізныя шкельцы акуляраў тлуста «наваксаванымі» вейкамі:
— Во, пайшоў і прапаў. Хадзем дахаты, пакуль не насцябаўся зусім. Ты ж абяцаў, што не затрымаешся доўга. Апранайся ды пойдзем.
Па натуры я чалавек вельмі добры, ды і кемлівасці хапіла, каб разабрацца, што тут і да чаго. Таму без асаблівых разваг згадзіўся пабыць на якую хвіліну яе мужам.
— Мілачка, ну як жа я пакіну сваіх сяброў. Хоць бы з паўгадзінкі яшчэ. Няёмка пакідаць іх. Не так ужо часта і сустракаемся.
— Дык што мне, стаяць і чакаць тут, пакуль ты наліжашся? — жанчына раздражнёна сціснула вусны.
— Давай тады да нас. Пасядзім і пойдзем.
Міліцыянты падазрона зыркалі на нас з-пад чорных казыркоў, але падысці і праверыць нашае сваяцтва ўсё ж не рашаліся. Я ўзяў незнаёмку пад руку і павёў наверх да нашага шумнага століка ў асобнай каморцы.
— Шаноўныя, дазвольце мне пазнаёміць вас са сваёй дваюраднай жонкай і кідайце дурныя спрэчкі, — звярнуўся я да калег, спыніўшы тым самым застольны гармідар. А тыя ажно раты параскрывалі, калі ўбачылі мяне вось у такім суправаджэнні, бо добра ведалі маё стаўленне да сям'і.
— Ого, — выдыхнуў адзін.
— Андрэй пайшоў юзам, — заспяваў другі.
— У мяне нешта са зрокам,— паспрабаваў пакпіць трэці летапісец.
І сябрукі дружна пацягнулі рукі для знаёмства з госцяй, устаючы, каб прадставіцца.
— Вераніка. Вельмі прыемна. Вераніка... — яна называла сваё імя і дазваляла цалаваць маленькія выпешчаныя пальчыкі.
«Вераніка?»
Я ўспомніў яе. «Далібог. Гэта ж яна — мая Вераніка». Той жа невялічкі кірпаценькі носік, шчылінка паміж верхнімі пярэднімі зубамі, вялікі, ды вельмі сімпатычны, прываблівы рот. Толькі валасы не яе. Фарбаваныя і перафарбаваныя, мусіць, сто разоў, яны цяпер мелі дзіўны дымчата-фіялетавы колер.
— Вераніка!
Я, відаць, крыкнуў занадта гучна, бо сябрукі вылупілі на мяне вочы і зноў узяліся за кпіны:
— Чаго горла дзярэш?
— Ці то я пачуў голас з унітаза?
— Зусім здурнеў, заікамі хоча зрабіць нас.