Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 25

Анатоль Крэйдзіч

Карацей кажучы, я рашыўся. Глядзі, але нічога не спрабуй зразумець, бо табе гэта не пад сілу і зусім не патрэбна табе.

Чалавек задраў галаву і зірнуў у неба. Зрэнкі раптам шырока раскрыліся і памутнелі, як мутнее мылкая лужына ў навальніцу. Пасля спыніў свой позірк на хлапчуку, утаропіўся ў яго зашклянелымі вачыма, але ідыёцкай усмешкі не ўбачыў, як не ўбачыў бетоннага шкілета будучага будынка, захінутага ў анямелую шэрань горада, самотнай бясколернай далячыні...

Чалавек ужо не цікавіў хлапчука, і той збег уніз, паплёўся да лаўкі на аўтобусным прыпынку. Пад драўляным навесікам тут смаліў цыгарэту элегантны з выгляду, высокі малады чалавек.

— Дзядзька, там нейкі мужык забіўся. Ён мне семак даў, — сказаў малы, адкрыўшы ўсмешкаю шчарбаты рот і паказваючы поўную жменю семак сланечніку.

— Дзе забіўся?

— Во, на гары.

* * *

Першы снег асвятліў і без таго не цёмны бальнічны пакой. Чалавек расплюшчыў вочы, асцярожна азірнуўся вакол сябе. «Белыя капюшоны і такія ж халаты. Можа, гэта той свет?»

— Ну што, брат, ажыў? Даў ты нам клопату. Усе кішкі дротам перапароў. Цыравалі, што тыя панчохі. Цяпер сто гадоў будзеш жыць... Калі не зап'еш, канечне...

Словы ўспрымаліся чалавекам як цынічная, спапяляючая насмешка. «Бандыты, яны пазбавілі мяне права распараджацца сабою, і ўсё каб парадаваць сябе, наталіць сваё ненажэрнае самалюбства. Ахвяравалі мною дзеля сваёй хвіліннай уцехі».

— Ненавіджу вас. Як жа я вас не-на...

Чалавек асунуўся, і галава яго на вачах у здзіўленых эскулапаў знясілена адкінулася на белую падушку.

А ў гэты час у падземным пераходзе падпіраў аблямаваную шэрым каменем калону хлапчук у нацягнутай на вочы вялізнай вельветавай кепцы і лускаў чорныя семкі, час ад часу адорваючы прахожых сваёю ідыёцкай шчарбатаю ўсмешкай.

Ёрчыкаў слуп

Спачатку людзі не верылі, што Ёрчык, гэтакі гаспадарлівы мужык, няхай сабе і дзікаваты, ды зусім з глузду з'ехаў. І калі ніхто ў вёсцы ўжо не сумняваўся ў тым, пачалі людзі дзіваку розум устаўляць:

— Апамятайся,— казалі яму.— Пашкадуй дзяцей, жонку пашкадуй. Яна ж у цябе залатая. Да таго ўжо цярплівая, што іншай такой і ў свеце не знайсці. Што ты за дурату ў галаву ўзяў? Мёртвых не паднімеш — пра жывых думаць трэба. А ты ўсё дабро на вецер пускаеш.

Ёрчык жа толькі слухаў ды пасміхаўся ў пажаўцелыя вусы, а пасля гаварыў:

— Глядзіце, колькі вас. Процьма. Не злічыць. І ўсе вы пра жывых думаеце. А некаму ж трэба і пра мёртвых. Во, праз дарогу ад маёй хаты старыя могілкі. Зайдзіце ды гляньце — там крыжы палеглі на зямлю і тлеюць, а ўзгорачкі магільныя ямкамі сталі. І гаспадараць там вецер ды крумкачы. Закапалі і забыліся — пра жывых думаем. І я пра жывых думаў некалі, а цяпер — пра мёртвых. Чаму? Не ведаю. Мусіць, так трэба. І адгаворваць мяне — пустое. Ідзіце і займайцеся сваім, а я — сваім.