Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 23

Анатоль Крэйдзіч

— Так павялося, сынок. Так патрэбна.

Я тады дзіцячым розумам падумаў: ці то нясуць усё таму, што месца гэтае — велічнае, святое, ці гмах гэты пабудавалі і панаставілі ў ім залачоных рэчаў ды намалявалі шмат прыгожых карцін для таго, каб сюды неслі кілбасы».

Ён адчуваў, што тут не ўсё так проста, і ўсё ж непрыязнасць да святароў засталася назаўсёды. Хоць яны п'юць і ядуць як і ўсе, і плоць іх як ува ўсіх людзей, і ёсць у іх на пальцах ног пазногці, і жаданні ў іх таксама чалавечыя. Дык нашто ж гэты ўвесь маскарад? Няўжо каб браць, каб нешта браць для сябе? Як бяруць жабракі ці пагарэльцы, што амаль з дня ў дзень шныраць па кватэрах, просяць міласціну. Дык яны хоць не прыкідваюцца: прыходзяць і кажуць, каб даў ім што-небудзь паесці, грошай або анучу якую. Ён даў бы ім многа, ды ў самога нічога няма. Хлеб ды сала. Але цяпер ён іх таксама ненавідзіць. Як і ўсіх людзей. Бо яны бяруць, бяруць, бяруць. Ён любіць толькі вар'ятаў. Гэтым мілым істотам зусім нічога не патрэбна. Яны калі што і просяць або бяруць, то не свядома, а, хутчэй, інстынктыўна. Тыя, што называюць сябе нармальнымі, таму і пазбаўляюцца ад іх, таму і хаваюць іх у бальніцы-турмы, каб не нагадвалі ім лішні раз, што ногі зусім не абавязкова хаваць у боты і зусім не абавязкова разумнічаць, каб жыць і быць шчаслівымі.

Вочы чалавека раптам загарэліся, і чырвоныя беражкі павекаў сталі вільготныя.

«Адкуль ты ўзяўся, хлопчык?»

Перад ім стаяў хлапчук гадоў дзесяці ў насунутай на самыя вочы вялізнай вельветавай кепцы, расцягнуўшы вусны да самых вушэй, сушыў дзёсны, бо быў шчарбаты.

— Дзядзька, дай семак, — сказаў ён, гулліва паводзячы вачамі і варушачы мускульчыкамі свайго рабога і непрыемнага твару.

Чалавек дастаў з зашмальцаванай кішэні поўную жменю семак і напоўніў прыгаршчы малога. І ўсё нешта казаў, хоць і не чуў сваіх слоў.

А хлопец бяздумна ўсміхаўся і не слухаў яго. І чалавеку гэта падабалася. Яму ж ніхто не патрэбны, як нікому не патрэбны і ён.

Але хутка чалавек устрапянуўся, быццам нешта ўзгадаў, і схапіўся за галаву. «Я такі ж, як і ўсе людзі. Малы ўзрадаваўся. Усмешка на ўвесь шчарбаты рот. Яму я хацеў зрабіць прыемнае. Яму. Не сабе. То чаму я радуюся яго дурнаватай усмешцы? Я ж зрабіў прыемнае самому сабе. Я такі ж эгаіст, як і ўсе людзі. Але я не хачу быць падобны да іх».

І ён схапіў хлопца за рукаў, павалок у канец тунеля і знік у кволым сонечным святле, прыкрытым празрыстай шэра-блакітнаю фіранкай халоднай восеньскай імжы.

Застаўшыся без гаспадара, лёгкі чорна-белы дыванок з шалупіння пачаў паціху раскідвацца. Лупінкі адносіліся ўсё далей і далей ад калоны ветрам і падэшвамі прахожых. Праз хвіліну на гэтым месцы варушылася ўсяго некалькі лодачак, некаторыя ў лужынах-кроплях, прынесеных нагамі з вуліцы.

А ў гэты час чалавек, моцна сціскаючы хлапечую руку, цягнуў яго на прыдарожнае ўзвышша, дзе маўкліва раскінулася невядома калі распачатая будоўля. Здалёк здавалася, што ён трымае ў руцэ чорны пусты мяшок: такая вялізная і бясформенная была ў малога куртка.