Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 22
Анатоль Крэйдзіч
Чалавек каторы ўжо раз адчуў, што ненавідзіць людзей. «Самая горшая, самая брыдкая істота, якая толькі ёсць на зямлі, — гэта чалавек. Прырода надзяліла яго розумам, свядомасцю, інтэлектам. Для чаго? Няўжо толькі для таго, каб ён мог прыдбаць чаравікі, якімі закрывае свае ногі ад вачэй сабе падобных?
Бедныя, бедныя людзі. Яны думаюць, што ботамі схаваюць ногі. Наіўныя. Каго цікавяць іх ногі? Каго цікавяць іх пальцы, пазногці, лыткі і пяты? Небаракі. Яны нават і не падазраюць, што, закрываючы плоць, адчыняюць сваё нутро, адкрываюць нешта патаемнае са сваёй натуры. Кожная маршчына на іх абутку, кожная пляма, драпінка або нават колер і фасон гавораць пра чалавека амаль што ўсё».
Натоўп плыў і плыў. Але ніхто яго не затоптваў. Некрануты заставаўся нават дыванок, што саткаўся сам па сабе з лупінак і абляпіў яго шэрыя ад высахлай гразі чаравікі, неахайна сцягнутыя белымі матузамі. Чалавеку прымроілася, што людзі рухаюцца не «туды-сюды», а па замкнёным коле.
«Я ўсё зразумеў. Гэта такі ў іх дзікунскі танец. Перш чым прыкончыць мяне, яны будуць доўга танцаваць вакол. А пасля накінуцца і будуць таптаць, баючыся згубіць або парваць свой паганы абутак. А я не баюся страціць нават сваё жыццё, бо я не такі, як яны. Я не магу жыць разам з імі, таму нехта з нас павінен памерці.
Чаму ж я раней адносіўся да людзей як да сваіх братоў і не мог зразумець, што чалавек — гэта не што іншае, як згустак звярынай плоці і эгаізму.
Калісьці я думаў, што чым большую чалавек займае пасаду, тым ён разумнейшы, адказнейшы, і тым больш яго трэба паважаць. Але ўсё гэта — лухта. Яны — эгаісты. Чалавеку надакучыла насіць абутак са штучнай скуры, і ён дамагаецца, каб пасада дазваляла яму насіць з натуральнай, ды яшчэ самай лепшай. Усё вельмі проста. І палітыкі, і прэзідэнты думаюць найперш не пра сваю дзяржаву і народ, а пра самыя лепшыя і самыя дасканалыя туфлі».
Зусім побач прашумела доўгая чорная мантыя. Паветра ўскалыхнулася, і шалупінне, нібы спалоханая вераб'іная чарада, адляцела ад самых ног чалавека. Дыванок змяніў форму з амаль што правільнага паўкруга на няправільны, абрэзаны з аднаго боку.
«Святар. Гэта прайшоў святар. Сур'ёзны і нават суровы. Я толькі адзін раз быў у царкве — у дзяцінстве. Але я часта бачыў святароў па тэлевізары: яны чытаюць казанне або разважаюць пра душу. Таму я ведаю, што ўсе яны на адзін твар. А тады, у дзяцінстве, я бачыў, як людзі неслі ў царкву хлеб, віно, кілбасу. Дзіўна, але мяне не цікавілі ні залачоныя кандэлябры і рамкі, ні каляровыя малюнкі з выявамі святых на сценах і нават на столі, ні дзіўны пах, які браўся невядома адкуль. Мяне, блазнюка, цікавіла, чаму гэта людзі нясуць сюды, у такую вялізную, багатую і таямнічую пабудову пітво і ежу. І яшчэ, прыкмеціў, грошы. Запытаўся пра гэта ў маці, а тая толькі засмяялася і сказала вельмі проста: