Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 49

Алесь Разанаў

*

Месца паэта не наперадзе прагрэсу, не ззаду, не пасярэдзіне, не збоку, яго месца там, дзе ён ужо ёсць,— на месцы. Ён пункт адліку быцця, пункт супадзення скрыжавання і раздарожжа. У які бок ён ні пайшоў бы, ён траціць паўнату свайго прызначэння, свайго унікальнага становішча. Яго шлях не па паверхні зямлі, дзе буяюць хмызы і кветкі вонкавых уражанняў, не па гарызанталі, а па вертыкалі,— у вышыню сусвету, у глыбіню сваёй сутнасці.

*

Пытанне і адказ... Паміж імі існуе не інфармацыйная, а трансфармацыйная сувязь. Інакш аб'ём любога адказу не змог бы запоўніць аб'ёму пытання, яно ўсё роўна заставалася б як нешта, што мае свой аўтаномны змест і сваю аўтаномную форму.

Пытанне вычэрпваецца, перастае існаваць, трансфармуючыся, анігілюючыся, знікаючы разам з адказам і такім чынам становячыся новым станам свядомасці, чыстай і ад аб'ёму пытання, і ад аб'ёму адказу.

*

Цяжкасці дазваляюць ісці хутчэй. Кісцяпёрая рыба, выйшаўшы на сушу, «пайшла» хутчэй і «дайшла» ажно да чалавека.

*

Літаратура развіваецца не лінейна, а пасоўваючыся ў папярэдняе, у мінулае, ушчыльняючыся. Жывое шукае жывое, і новыя творцы знаходзяць пад напластаваннем дзесяцігоддзяў, а то і стагоддзяў, сваіх папярэднікаў, каб узаемадзейнічаць з імі і, працягваючы іх, расці далей. Адтуль расці.

Гэтак садоўнік, ходзячы па садзе, абразае на дрэвах засохлае голле, вяртаючы заўтрашнім атожылкам жывую аснову, вяртаючы сапраўднасць.

*

Паэзія нешта прынцыпова іншае, чым размова, чым аргументу размове. Яе карані ў бязмоўі.

«Слова, народжанае маўчаннем і розумам,— адзінае выратаванне. Слова, народжанае словам,—згуба»,— гаворыцца ў «Азначэннях» Гермеса Трысмегіста.

На запытанне Пілата: «Што ёсць ісціна?» той, у каго ён пытаўся, адказаў. Адказаў вельмі своеасабліва — маўчаннем.

Размова — мова думак, маўчанне — мова ісціны.

Вершы, у якіх карані напаказ, могуць стаць вершамі-цытаванкамі, але не вершамі-адкрыццямі.

*

Як архітэктурнае збудаванне «абапіраецца» не на матэрыял — цэглу, дрэва, бетон, жалеза, шкло,— а на ідэю, увасобленую ў ім, так і паэзія «абапіраецца» на бязмоўе.

У глыбінях чалавечай існасці слоў няма.

Віртуозы слова, хутчэй, арыгінальныя выканаўцы, чым арыгінальныя творцы.

*

Творчасць — індыкатар, своеасаблівы дарожны знак: кожны раз яна паказвае табе самому, дзе ты цяпер і які ты цяпер.

Тыя якасці, якія ў прыродзе збалансаваны і суразмераны, у мастацтве згушчаюцца, канцэнтруюцца. Яны, як знахарскія зёлкі, могуць быць лекамі, атрутай альбо бескарысным рэчывам. I гэта ў залежнасці ад таго, хто ён, мастак, што ён значыць і што ён зычыць свету.

*

Душа, пра якую Янка Брыль сказаў, што яна не падарожніца, здаецца, наогул складаецца з адных суцэльных «не». Яе стыхія інтуіцыя, а не рацыё. Яна прынцыпова нічога не «ўмее» і найпаўней рэалізуецца тады, калі яна нязмушаная, незададзеная. Калі ж яна пачынае «ўмець», тады парушаюцца асновы культуры: творчасць ператвараецца ў рамяство, мастакі — у чаляднікаў, мастацтва — у службу.

*

У чалавечым жыцці ёсць шмат такога, што адбываецца толькі ў ім і што ў навакольным свеце не пакідае слядоў. Таму гісторыі дастаюцца падзеі, а мастацтву — людзі.