Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 47

Алесь Разанаў

Не аформленае, не занатаванае, не змацаванае ўзаемадзеяннем мае схільнасць рассейвацца, знікаць, расцярушвацца.

Спадчына не ў мінулым, а з мінулага: яна — вектар, які паказвае дарогу, яна — аблічча ўчалавечанага часу.

*

Вершы можна было б класіфікаваць, як класіфікуюць сродкі руху: фурманкі, веласіпеды, матацыклы, аўтамабілі, самалёты...

Цяпер як неабходнасць, як заклік космасу ўзнікаюць новыя лятальныя апараты.

Адтуль, з праменнага поля сэнсу, пасылаюцца і лунаюць над чалавецтвам праекты і новай вершатворчасці.

Верш як трансмутацыйны апарат, у якім мажлівы палёт у неабсяжнасць.

*

Паэзія атаясамілася з гаварэннем. Яна загіпнатызавалася, яна шмат гаворыць, але мала кажа. Калі ёй нагадваюць: абудзіся, ты нешта іншае, чым сабе ўяўляеш,— яна пярэчыць, яна адбіваецца рукамі і нагамі, яна зноў гаворыць усё тое ж: я паэзія, я паэзія...

Ёсць раман-даследаванне, ёсць драма-даследаванне, верш таксама — даследаванне, даследаванне «тонкай» рэчаіснасці. Аднак пра гэта ён не хоча памятаць.

*

Не ведаю больш ёмістага, больш пранікнёнага азначэння, хто такі пясняр, паэт, творца, чым тое, якое выснаваў Янка Купала ў сваёй славутай паэме «На куццю»:

А трэці быў і раб, і цар,

I слаб, і дуж ва ўсякім дзеле,

Як вечнасць, молад быў і стар;

Меў гуслі — на грудзях віселі.

У ім, у песняры, супадаюць краі, пераўзыходзяцца падзелы: толькі раб — ён не мае ўлады, толькі цар — ён не мае глебы, толькі слаб — ён не можа выйсці са свайго стану, толькі дуж — ён не мае патрэбы выходзіць з яго, толькі молад — ён жыве ўпершыню, толькі стар — ён ужо пражыты...

А гуслі вісяць на грудзях песняра, у самым цэнтры, на супадзенні краёў, і сам ён — выйсце ў іншы час і ў іншую долю.

*

Для мастацтва «маладых» не існуе. Як не існуе «сталых» ці «старых». У ім іншае суаднясенне, іншыя катэгорыі — эстэтычныя, а не дэмаграфічныя.

*

Быў такі «садовы» эксперымент. Калі праз зрэзы сукоў у ствол яблыні з дня ў дзень нагняталі сінюю ваду, яблыкі на ёй з цягам часу афарбоўваліся ў сіні колер.

У літаратурным садзе таксама назіраецца нешта падобнае. I ў ім творы ўзнікаюць не толькі па загаду сэрца, але і па загаду вонкавых фактараў, пад вонкавым ціскам, і ў ім таксама — калі разгледзецца — можна ўбачыць «сінія яблыкі».

*

У творы мусіць быць вастрыё. Без вастрыя твор — зламаная іголка, і свет для яго замкнёны, непранікнёны.

*

Перанасычаны — «складаны» — раствор выпадае ў прастату крышталяў.

Праз прастату крышталяў прасвечвае загадкавая шматмернасць рэчаіснасці...

Усе азначэнні — ці то ў бок прастаты, ці то ў бок складанасці — абмяжоўваюць верш.

Верш мае быць больш чым просты і больш чым складаны.

Інакш — траціцца мэта верша, інакш — касуецца палёт, інакш — пачынаецца прымерванне і прыхарошванне пёрын, пачынаецца спаборніцтва абмежаванасцяў.