Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 51

Алесь Разанаў

Зразумела, паэт не валадар над вершамі і не іх вытворца («Паэт не той, хто піша вершы, не...» — паводле Уладзіміра Някляева). Але і не прылада, якой пішуцца вершы. Без яго добраахвотнай волі, без яго свядомай адносіны, без яго асабістага і асабовага ўдзелу (саўдзелу) немагчыма ніякая творчасць.

Паэт не выключэнне сярод людзей, а, хутчэй, правіла, праява універсальнага сусветнага закону, які ён жа сам і фармулюе. I ад таго, як ён яго фармулюе, залежыць яго жыццё, яго творчы лёс.

*

Калі доўга не бачышся з кім-небудзь са знаёмых, пры сустрэчы, бывае, не маеш яму што і паведаміць: мяняецца маштаб, якім вымяраецца твой час.

Мадэль часу нагадвае кола: у ім ёсць акружнасць і ёсць цэнтр, дынаміка і статыка, цэнтраімклівае і цэнтрабежнае...

Акружнасць множная, цэнтр цэласны, для акружнасці ўсё здараецца, для цэнтра — адбываецца, акружнасць мысліць лінейна, цэнтр — радыяльна, на акружнасці пануе выпадак, у цэнтры — заканамернасць, на акружнасці — «макра», у цэнтры — «мікра», на кожны мікрон якога прыпадаюць зорныя кіламетры макраадлегласці.

Чалавек пастаянна супрацоўнічае і з цэнтрам, і з акружнасцю, і, у залежнасці ад таго, у якіх стасунках знаходзіцца ён з імі, мяняецца маштаб — і якасць — яго жыцця і мыслення. Чым больш ён «акружлівы», тым больш ён асобны і асабовы, чым больш «цэнтральны», тым больш усіхні і ўсюдны.

Самая-самая сарцавіна часу як бы іншародная самой прыродзе часу, яна нерухомая, але ў ёй змяшчаюцца ўся зямля і ўсё неба.

*

Літаратура пра вайну, пра вёску, пра настаўнікаў ці інжынераў... Усім «пра» ўласцівы модус мінуласці. I калі твор не пераадолеў тэмы, ён яшчэ нямы, нямоглы.

*

Усе значныя адкрыцці ўзнікалі на мяжы «не можа быць», на мяжы нонсенсу. Нонсенс — неабходны фактар жыцця, неабходны фактар творчасці. Смерць — нонсенс, але жыццё раіцца з ёю.

*

«Гучныя» паэты падобны да купцоў, якія хваляць свой тавар, «ціхія» — на тавар, які чакае сваіх купцоў.

*

Прастата, якая не прайшла стадыі складанасці,— прымітыў.

*

Мастацтва мае на ўвазе звышзадачу. Вырашаючы проста задачу, яно не можа ў ёй ні праявіцца, ні расцвісці. Яго, як касмічны карабель, жывяць звышадлегласці. Разам са скарачэннем адлегласцяў скарачаецца і яно самое.

*

Рэгламентаваныя пошукі — не пошукі: у іх адсутнічае самае асноўнае — фактар навізны, фактар невядомасці.

*

Запаветнай мэтай мастацтва ва ўсе часы былі не новыя творы, а новы чалавек. Калі гэтая мэта гублялася, мастацтва драбнела, плытчэла, «залітаратурвалася», станавілася ўменнем — сумай прыёмаў і навыкаў.

Мастацтва Адраджэння таму і ўзвышаецца на цэлую галаву над іншымі эпохамі, бо гэтая галава належала новаму чалавеку.

*

Як шмат у літаратуры такой літаратуры, якая патурае чалавечым недахопам, слабасцям, заганам, жывіць і актывізуе іх.

Калі б раптам чалавецтва знайшло ў сабе моц вызваліцца ад усіх гэтых немачаў і заганаў і ўзнялося на прыступку вышэй у сваім станаўленні, што засталося б ад літаратуры?!

Літаратура, якая толькі тым і займаецца, што фіксуе, сцвярджае, услаўляе існуючае становішча рэчаў, кепская памочніца чалавеку.