Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 48

Алесь Разанаў

*

Каб з'яву можна было зразумець, яна павінна выйсці па-за сябе. Выходзячы ў форму, змест адкрываецца для разумення.

*

Прырода бесперастанна паказвае і падказвае мастацтву мадэль творчасці: як з яйка прадзюбваецца птушаня, як з зерня вырастае парастак, таксама і твор узнікае са сферы закрытасці, з лона, у якім яго няма загадзя, навідавоку, наяве, але ў якім ён ёсць як магчымасць.

Твор — таксама нараджаецца, твор — таксама праходзіць свой інкубацыйны перыяд, увідавочніваючы сабой невідавочнае, тамтэйшае, захаванае. Без гэтага глыбокага шляху не можа адбыцца ні адкрыцця, ні палёту.

Разбі яйка — там птушаняці няма, раструшчы зерне — коласа там не знойдзеш, яны ў той якасці, якой вянчаецца ўвесь працэс.

Прырода мастацтва — што і «прырода» прыроды: яно адкрыццё закрытага, адтаемнаванне таемнага.

*

З цягам часу, сталеючы і старэючы, чалавек як бы развучваецца рабіць тое, што ўмеў адмыслова рабіць раней, і ўсе яго намаганні вярнуць колішнія здольнасці аказваюцца няплённымі, марнымі...

Здольнасці — павадыры: яны існуюць адымаючыся, ведучы, запрашаючы за сабой. Адымаючы цябе самога з таго месца, дзе ты знаходзішся, выводзячы на сустрэчу з наступнасцю, з якой нельга «ўмець» абыходзіцца.

*

Лірычныя, публіцыстычныя ці метафарычныя, ямбічныя ці харэічныя, фалькларычныя ці урбаністычныя вершы...— яны, здавалася б, валодаюць усімі атрыбутамі паэзіі, аднак характар і сутнасць паэзіі вызначаюцца не гэтай, даволі вонкавай, атрыбутыкай, а нечым фундаментальнейшым, а менавіта канцэпцыяй і вобразам чалавека, які, атаясамліваючыся з асобаю творцы, так ці інакш прысутнічае і аб'яўляе аб сабе ў творы і здзяйсняе над творцам свой патаемны суд.

*

Рэчаіснасць не толькі матэрыя, як мастак не толькі пэндзаль, рука і вока. Ён толькі тады і здолее адлюстраваць рэчаіснасць, калі яна сама захоча адлюстравацца ў ім, калі яна пазнае сябе ў ім і такім чынам пазнае — і прызнае — яго самога.

Пазнаём рэчаіснасць, пазнаючыся — і прызнаючыся — ёю. Без гэтай узаемнасці твор застаецца схемай твора, мастацтва — імітацыяй мастацтва.

*

Жыццё кожны раз падводзіць чалавека да краю жыцця, нагадваючы, што яно не самамэта, што жыць, каб адно толькі жыць, нельга. Чалавек «далейшы» за жыццё, і не можа ён сцвердзіцца ў ім інакш, яктолькі пераадоль-ваючы, пераўзыходзячы яго.

*

Які б глыбокі ні быў акіян — ён усё роўна мае паверхню, якая б ні была плыткая лужына — яна ўсё роўна мае паверхню.

Цела — таксама паверхня, «нулявы ўзровень» быцця, адваротнае дно, яно не можа «патануць» у быцці, але ў залежнасці ад таго, што там, за ім, лужына альбо акіян, мяняюцца яго паводзіны, яго аблічча, яго не месца-, а сэнсазнаходжанне.

*

Прыгожая мова — не ўся мова, гэта толькі адзін з яе пластоў, адзін з яе стыляў.

Чалавек мысліць не толькі роўна, але і шурпата, не толькі плаўна, але і абрывіста, не толькі лагічна, але і нелагічна, не толькі правільна, але і няправільна, ітаму, габлюючы шурпатую мову, непазбежна ў нечым яе спрашчаем, схематызуем, не даём магчымасці прабіцца да святла парасткам нязвыклых думак.