Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 45

Алесь Разанаў

У адваротным выпадку — калі свет з прыроднага становіцца іншародным, парушаным — узнікае абрыў: нешта не адбудзецца, нешта не адамкнецца, нешта не адгукнецца насустрач.

*

Верлібр падымае тое, што губляе традыцыйны верш. Сярод традыцыйных «вершавызнанняў» ён — рэфарматар, ён — пратэстант.

*

Прадмет для мастака не мэта, але прад-мэта, папярэднасць, якую ён насычае сваёй «радыеактыўнасцю». Твор існуе, пакуль ён «радыеактыўны».

*

Паэзія, у адрозненне ад жывапісу, не здольна «зафіксаваць» менавіта гэтае дрэва, менавіта гэтую птушку, менавіта гэтага чалавека. Але затое яна здольна на іншае — «фіксаваць» работу душы, якая спасцігае свет.

*

Вучыў сваю цётку Тэклю — каб распроствалася — падымаць і апускаць рукі: у неба — у зямлю. Яна робіць, смяецца, паўтарае сабе самой: у неба — у зямлю...

Дзве бездані — зямля і неба, у якія чалавек падымаецца і апускаецца ўсё сваё жыццё.

*

Дарога і вёска — асноўныя вобразы беларускай літаратуры. Але калі раней дарога ўпадала ў вёску, то цяпер, хутчэй, наадварот: вёска ўпадае ў дарогу.

*

На агні нельга нічога напісаць, ён сам піша свае знакі і літары — свае «манэ, такел, фарэс».

З агню, які прыручаецца, робяцца штандары.

*

Думка — пераход: са стану ў стан, з плана на план. Яе нельга затрымаць і прысвоіць: затрыманая — яна абрыва-ецца, прысвоеная — дранцвее, ператвараецца, як у народ-ных паданнях пра нячыстае золата, у попел і смецце.

Космас праходзіць праз нас як хваля, як думка.

*

Прагрэс — удасканальванне недасканаласці: яна не знікае, яна не пераадольваецца, яна кшталтуецца.

*

Мастацтва заўсёды існавала як бы ў дзвюх паставах, у дзвюх тэндэнцыях: у адной, якая падупадала развіццю і пераўтварэнням, і ў другой, якая заставалася нязменнай, эзатэрычнай; у паставах перыферыі і цэнтра, ведання і іншаведання. Для адной з іх змены азначалі набытак, для другой — страту.

*

Калі жанр кананізуецца, ён робіцца схемай, паводле якой укладаюцца словы, і роля творцы тут даволі механічная. Ён можа іграць яе па-майстэрску, віртуозна, але адкрыцця ён не робіць. Гэта той пункт, дзе майстэрства пярэчыць творчасці, спрабуе яго замяніць. Калі майстэрства становіцца самамэтай, тады яно і банкрутуе; у яго моцы — яго паражэнне.

Геракліт казаў: «Агонь жывіцца смерцю зямлі, паветра жывіцца смерцю агню, вада жывіцца смерцю паветра, зямля — смерцю вады». Так і з майстэрствам: яно жывіцца смерцю творчасці.

Творчасць пераўзыходзіць правілы, майстэрства іх сцвярджае.

Жанр плённы тым, што ў яго ёсць мяжа — мяжа лука. I што ёсць пераўзыходжанне гэтай мяжы — палёт стралы.

*

Кожны паэт па-свойму фармулюе мэту і правілы паэзіі. Інакш атрымліваецца не «язда ў незнаёмае», а язда паводле правіл дарожнага руху.

*

Логіка — не перакананне. Яна як лінза: калі хочаш — рэчы праз яе можна ўбачыць буйнейшымі, калі хочаш — драбнейшымі.

*

Адзін вядомы знаўца філалогіі даводзіў: у рускай паэзіі быў «гучны» перыяд і быў «ціхі», і ў польскай паэзіі былі свае перыяды і «ізмы», і ў французскай, і толькі ў нас, у беларускай паэзіі, нічога такога не было, яна заўсёды была правільная...