Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 34

Алесь Разанаў

*

Творчасць — сустрэча з невядомым. Як толькі невядомае замяняецца вядомым, яна немінуча ператвараецца ў імітацыю.

*

«Салоўка» беларускай паэзіі, «шпачок»... Не ведаеш, чаго больш у гэтых словах,— яўнай пахвалы ці патайнай іроніі. «Пярнатая» паэзія, як бы яна ні выкшталцоўвалася, як бы ні апявала колішнія падзеі і сённяшні дзень, не можа выказаць менавіта чалавечага зместу паэзіі — таго, што вылучае чалавека з царства прыроды і з'яўляецца толькі яго прэрагатывай. Чалавек — не прырода, а мяжа прыроды, і ўсё самае значнае і галоўнае адбываецца якраз на гэтай мяжы.

Не птушыных галасоў бракуе нашай паэзіі, а проста — чалавечага голасу.

*

У вершы, як у магічным люстэрку, відаць тая барацьба, якая адбываецца (альбо не адбываецца) у паэце паміж яго ўсёчалавечым і асабовым «я».

Калі ў вершы гаворыць «асоба» — яе голас чуваць для яе самой, калі гаворыць «барацьба» — яе слухае ўсё наваколле, калі гаворыць «пераможца» — ён, нават не намагаючыся, каб яго чулі, чуцён усім.

*

Цела — плынь, якая захоплівае і нясе ў сваё «мора» чалавечыя памкненні, намеры, думкі, самога чалавека, хоць адзінае, што чалавеку неабходна зрабіць у жыцці,— гэта перайсці з аднаго берага на другі.

*

Веды — таксама ежа, разумовая, але ежа, і яна таксама можа быць не на карысць чалавеку, яна таксама можа шкодзіць, і ад яе таксама неабходна час ад часу разгружацца — пасціць.

*

Як птушка, што, седзячы на галіне дрэва, спявае свае песні, упала б на дол непрытомная, калі б ёй быў дадзены чалавечы розум, гэтак упаў бы непрытомны і чалавек, калі б яму, у яго цяперашнім «варыянце», быў дадзены розум касмічны.

Мы нічога не можам атрымаць звыш сябе, звыш сваёй меры: мы — у космасе, космас — у нас, але мы бесперастанна абмяжоўваем і дэфармуем яго сабою, і мусіць мінаць жыццё за жыццём, разбіваючы зацвярдзелыя формы, пакуль свядомасць здолее ўспрымаць Тое, Што Ёсць, не ўпадаючы ў непрытомнасць. Бо і сон — непрытомнасць, і смерць — непрытомнасць.

*

Каб вырашыць праблему, неабходна ўвайсці ўнутр яе, і каб адолець перашкоду, неабходна паглыбіцца ў яе сарцавіну. Там не ляжаць «ключы ад Сезама», але само гэтае ўваходжанне становіцца вырашэннем праблемы, і само гэтае паглыбленне становіцца пераадоленнем перашкоды, бо і праблема, і перашкода не што іншае, як сведчанне, што жыццёвы шлях чалавека са сферы сінтэзу пераключыўся ў сферу, дзе тэза супрацьстаіць антытэзе і дзе чалавек мае шмат «сябе».

*

Карані не трэба чапаць, ісціны ў іх няма: там адно толькі пануе змрок і вызмейваецца жах.

Ісціна каранёў па-за імі, над імі — у кветцы.

*

Пакуль чалавек жыве, ён усё яшчэ няпоўны, незавершаны, дарэшты не ўвасоблены, ён яшчэ не зусім творца і не зусім твор. Аднак дзякуючы гэтаму «не зусім» і магчыма далейшае ўвасабленне, магчымы пераход недасканалага ў дасканалае, магчыма творчасць.

*

Шлях, які мы праходзім, застаецца не па-за намі, а становіцца намі самімі — адкладваецца і акумулюецца ў нас, нібы ў колцах дрэва пражытыя ім гады, і толькі таму ён пройдзены, і толькі таму мы здольныя і вольныя ісці далей.