Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 32

Алесь Разанаў

*

Чалавек бачыць і разумее не сябе, а сваё, не сябе, а свае абалонкі — тое, што ўжо ад яго адпластавалася, адасобілася, але яшчэ не адчужылася. Гэтыя яго абалонкі, гэтыя пакінутыя целы становяцца сферамі навукі, мастацтва, філасофіі, тэхнічна-прыкладной дзейнасці чалавека: з імі ён супрацоўнічае і дзякуючы ім усё глыбей пранікае ў рэчаіснасць, якая таму і можа ўспрымацца і пазнавацца, што яна такім чынам становіцца асвойтанай.

А звонку гэты працэс падобны на хвалевы рух кругоў, калі ўпадзе ў ваду камень.

*

Дзіўна, але часта паставы нашых папярэднікаў нам бачацца лепш, выразней, чым паставы сучаснікаў, і нават нястача біяграфічных і творчых звестак як бы спрыяе гэтаму.

Ці не таму гэта, што недасяжнае абвастрае наш зрок і слых, адтульвае перад імі перспектыву, і ці не таму, што сутнасць рэчаў ужо не засціцца персанальнымі прысутнасцямі?

*

У сваіх крайніх — самавольных — праявах метафара выкарыстоўвае прыём чорнай магіі: сілком «сшывае» адно з адным тое, што само не жадае «сшывацца», «шлюбуе» адно з адным тое, што само не жадае «шлюбавацца».

Метафара занадта наўмысная, каб быць ісціннай, занадта ўмелая, каб быць шчырай, і тая паэзія, дзе самамэтнічае метафара, становіцца звярынцам, дзе ёсць самыя разнастайныя істоты, але няма ні ўнутранай прасторы, ні свабоды.

*

Спазнай самога сябе... Але як нельга прымусіць нанава гарэць тое, што ўжо згарэла,— попел, як нельга яшчэ раз набыць рэч, якую маеш, так нельга спазнаць тое, чым ты ёсць, і гэта таму, што яно, гэтае тое, ужо спазнанае: у сферы сутнасці быць і ведаць — адно і тое ж.

*

Магчыма, у будучыні — касмічнай, галаграфічнай — кінематограф здолее рабіць фільмы і па вершах, бо верш, як ніякі іншы літаратурны жанр, насычаны шматмернасцю; у ім жывуць, пакутуюць, кахаюць і шукаюць ісціну героі верша — сэнсы, гукі, словы...

Навука зазірнула ў глыб атама, у глыб ядра — і адкрыла, паводле назвы адной кнігі, «немінучасць дзіўнага свету».

Субатамны свет слова, паэзіі тоіць у сабе таксама свае таямніцы і адкрыцці.

*

Калі да паўнаты адной з'явы, адной сістэмы дадаецца яшчэ нешта, яно, гэтае «звыш», не ўзбагачае яе, а збядняе, парушае, пераарганізоўвае ў непаўнату.

*

Час смерці, у якім усё згушчаецца, факусіруецца і пераацэньваецца, паказвае чалавеку, кім ён не павінен быць у жыцці... А не павінен ён перш за ўсё быць тым, хто захапляецца сабою, хто ўвасабляецца ў эгаізм, хто жывіць самасць, бо смерць — гэта, зрэшты, не што іншае, як смерць абмежаванасці, смерць «эга».

*

Верш значны не гукам, які чуваць, пакуль верш чытаецца, а сваім рэхам, якое ён утварае, калі адгучыць.

*

З гары Мтацмінда глядзеў на горад: «лялечныя» будынкі, аўтамабілі, людзі... Сюды не далятала ні шуму, ні гаманы, і той свет унізе здаваўся самаізаляваным светам са сваёй — таксама самаізаляванай — шкалой жыццёвых вартасцяў, якія не маюць ніякага дачынення да «чалавека на гары».

Там і прыгадалася прыгожае таямнічае паданне пра тое, як д'ябал спакушаў «сына чалавечага». З вяршыні гары ён паказаў яму ўвесь людскі свет, сказаў: пакланіся — і ты атрымаеш усё гэта ў сваю ўладу. Але аднаго не ўлічыў д'я-бал — «эфекту гары», і ён спрацаваў супраць яго.