Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 36

Алесь Разанаў

*

Ісціна нагадвае яшчарку: яна хаваецца ад даследчыка, пакідаючы яму свае аўтографы — хвасты.

*

Стоячы на мосце, мастак Іў Клейн выціскае фарбу з цюбікаў у рачную плынь: на момант утвараюцца і знікаюць яму аднаму бачныя ўзоры.

Народная культура праяўляецца падобна — нібы плынныя карціны Клейна: праз выявы і ўзоры, якія фіксуюцца імі самімі.

*

Зямля і неба пераплецены між сабою ўзаемаснымі нітамі, і цэнтрам гэтага адзінства з'яўляецца чалавек — «сонечнае спляценне» гэтых абедзвюх сфер.

Тут, на зямлі, чалавек арэ зямлю, косіць траву, будуе дамы, і ўсё, з чым ён мае справу, істотна для яго, бо яно мае моц уздзейнічаць на яго долю. Калі-нікалі чалавеку здаецца: вось адраблюся ад зямлі, адпіхнуся — і стану вольны... Аднак неба для чалавека не што іншае, як адва-ротная зямля, і, адпіхваючыся ад зямлі, ён гэтым самым адпіхваецца не да неба, але ад неба. З другога боку, адасабляючыся ад неба, ён адасабляецца і ад зямлі, і «няма яму міру пад алівамі».

Толькі тады, калі неба згаджаецца ўзяць чалавека, зямля згаджаецца яго адпусціць.

*

Каб зразумець, што робіцца з каменем — ці ён ляціць угору, ці падае ўніз, ці на імгненне застыў, вычарпаўшы моц узлёту і не займеўшы інерцыі падзення,— трэба ўлічваць яго фон, трэба бачыць яго ў працэсе.

Гэтаксама і мастацкі твор: ён адкрыты разуменню, калі ўтрымлівае ў сабе і «камень», і «фон», і «працэс».

*

Прыгажосць, пра якую Дастаеўскі казаў, што яна выратуе свет, ратуе свет пастаянна, спрадвеку — самаахвяруючыся, самапераўзыходзячыся, перакульваючыся ў сваю дыялектычную процілегласць — у пачварнае, і такім чынам далучаючы гэтую другую палову свету да сябе.

*

Змест і форма ў творы не супадаюць, а ўзаемадзейнічаюць. Яго мадэль уяўляе не славутую «шклянку з вадою», а, хутчэй, мадэль рэха — з множнасцю формаў і множнасцю зместаў, дзе тое, што было зместам для папярэдняй формы, само становіцца формай для наступнага зместу.

*

Паэта няма загадзя: гэта не званне. Ён творыць, але і сам адбываецца праз творчасць, ён плануе, але і сам мусіць быць «запланаваны» — мусіць быць натхнёны, мусіць быць гатовы гаварыць тое, што яшчэ ў няведанні і прадслове.

У творчасці веданне і ўменне пераўзыходзяцца, пачынае панаваць вышэйшае. Гэты лішак жыватворны: ён вызваляе паэзію з-пад рамяства.

*

Прырода паэзіі нагадвае прыроду вады, якая падыма-ецца да плаціны. Перашкода — яе ўнутраны фактар; фактар больш першасны і больш арганічны, чым, напрыклад, метафары і рыфмы.

На роўнасці і плоскасці паэзія нікне. Яна інстынктыўна дамагаецца такой задачы, такой нагрузкі, дзякуючы якім можа набыць — і адначасова праявіць — энергію і аблічча.

*

Мноства — супернік паэта. У мностве вершаў ён перастае быць абавязковы, перастае быць чутны.

Добрыя творы ёсць у кожнага: гэта яшчэ не ўсё. Яны павінны быць выключнымі, адзінкавымі.

*

Мы пастаянна шукаем адно слова, якое б канчаткова і поўна выказала нас. Роўнае яму хіба што маўчанне: гэта тое ж слова, але са знакам мінус, яго страта, яго след, яго адсутнасць.

*

Каб тэкст «запрацаваў», неабходна надаць яму такое становішча, такі нахіл, каб ён меў патрэбу ў руху, у развіцці, у выйсці. Так выток ракі нахіляецца да сутоку.