Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 33

Алесь Разанаў

Сляды такога «эфекту» захоўваюцца ў душы ці не кожнага чалавека, не дазваляючы яму канчаткова супасці са светам, ратуючы яго для будучыні, бо і сама будучыня, можа, ёсць не што іншае, як чалавечае ўзыходжанне на гару.

*

Ёсць задачы-адкрыцці і задачы-пасткі, якія адно толькі забіраюць тваю энергію і розум і, нават вырашаныя, нічога табе не кажуць і нікуды цябе не вядуць. Яны нагадваюць цёмны пакой, галоўная асаблівасць якога тое, што ён цёмны. I тут, можа, найбольш важна не прыняць умоў гэтай задачы, не ўвайсці ў яе сцены.

*

Калі ў агародзе якую-небудзь расліну гоніць у рост дзеля самой сябе, дзеля самога росту, «дзічэе»,— кажуць пра гэта.

У творчых асяродках, можа, больш чым дзе існуе пагроза падобнага «дзічэння», росту ў сцябло, у цыбакі, у бульбоўнік, бо творчы рост — гэта не рост асабовасці, а рост з-асабовасці.

*

У структуру традыцыі ўваходзіць і кампанент будучыні. Традыцыя — не толькі дыялог таго, што ё с ц ь, і таго, што б ы л о, але і таго, што б у д з е.

*

Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор — мова.

*

Урэшце, усё можна параўнаць з усім, усё можна зрыфмаваць з усім, аднак не на гэтых «кітах» трымаецца паэзія. Яна, як і ўсё сутнае, трымаецца на надзвычай «паветраным» фактары — на ісціне.

*

Калі чалавек доўгі час знаходзіўся ў цемры, яму нельга адразу глядзець на свет расплюшчанымі вачамі, і калі доўга пасціўся — ачышчаўся ад шчыльнай матэрыі, яму нельга адразу харчавацца, як усім, і калі доўга жыў высокімі ісцінамі, яму нельга адразу аддавацца «нізкім». Дазволь сабе такое — ён упадзе і разаб'ецца.

*

Расцём, уздымаемся на ўсё вышэйшыя свае чалавечыя горы, калі зачыняем за сабою дзверы ранейшых магчымасцяў і ўчынкаў, калі не дазваляем сабе карыстацца ранейшымі выгодамі. Старое лацінскае выслоўе «Quo licet Jovi, non licet bovi» ў гэтым выпадку мусіць гучаць інакш, мусіць перавярнуцца - «Quo licet bovi, non licet Jovi» («Што дазваляецца быку, не дазваляецца Юпітэру»).

*

Спадчына — для нас усё яшчэ мерапрыемства. Для таго каб яна стала рэальным, а не ўмоўным фактарам культурнага жыцця і фактарам свядомасці, яна мусіць знаходзіцца не толькі там, але і тут, не толькі ў гарызантальным пласце сваёй гістарычнай эпохі, але і ў вертыкалі пастаяннага дыялогу з наступнасцю.

*

Беларускай філасофіі не маем. Маем філосафаў, якія жылі і жывуць у Беларусі, аднак сам лад і склад іхняга мыслення не ўзышоў знутры «глебы», не апладніўся ёю, а таму не самабытны. «Глеба» дае унікальныя магчымасці быць не толькі інтэрпрэтатарам чыіхсьці ўзораў мыслення, а — творцам сваіх. Але для гэтага філосафу, як зярняці, трэба адкрыцца «глебе», прайсці поўны шлях росту.

А пакуль па-ранейшаму беларускай філасофіі больш у беларускім мастацтве, у літаратуры, чым у самой філасофіі, і па-ранейшаму яе нерэалізаваны патэнцыял захоўваецца ў фальклоры, этнаграфіі, гісторыі, мове, у надзённым сялянскім побыце, у людскіх лёсах, уяўленнях, снах, ва ўсёй тутэйшай прыродзе.